Псалтыр 37 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Давіда. Ня гневайся, [гледзячы] на злачынцаў, не зайздросьці тым, што робяць беззаконьне,
АЛЕФ. Давідаў. Не зайздросць ліхадзеям і не наследуй тым, што робяць несправядлівасць.
бо яны, як трава, хутка ссохнуць, і павянуць, як расьліна зялёная.
Бо высахнуць і ападуць яны хутка, як сена і быццам зялёная трава.
Спадзявайся на ГОСПАДА і рабі добрае, жыві на зямлі, і захоўвай вернасьць.
БЭТ. Спадзявайся на Бога і рабі дабро, і будзеш жыць на зямлі і даглядацца вераю.
Насалоджвайся ў ГОСПАДЗЕ, і Ён табе дасьць прагненьні сэрца твайго.
Знайдзі радасць у Госпадзе, і дасць Ён табе тое, чаго патрабуе сэрца тваё.
Аддай ГОСПАДУ шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён [усё] зробіць,
ГІМЭЛЬ. Даручы Госпаду свой шлях і спадзявайся на Яго, і Ён здзейсніць.
і выведзе праведнасьць тваю як сьвятло, і суд твой — як белы дзень.
І выявіць Ён, быццам зару, справядлівасць тваю, а суд твой — бы поўдзень.
Ціхі будзь перад ГОСПАДАМ і чакай на Яго, ня гневайся на таго, хто мае посьпех на шляху сваім, на чалавека, які робіць зламыснае.
ДАЛЕТ. Скарыся ў Госпадзе і ўскладзі на Яго ўсю надзею; не зайздросць таму, хто мае шанец на шляху сваім, чалавеку, які чыніць падкопы.
Ухіліся ад гневу, пакінь ярасьць, ня гневайся, каб ты ня стаўся злачынцам,
ГЭ. Перастань гневацца і апануй абурэнне, не будзь зайздросны да таго, што вядзе да ліха.
бо злачынцы будуць зьнішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, возьмуць у спадчыну зямлю.
бо тыя, што чыняць ліха, будуць знішчаны, а хто спадзяецца на Госпада — зямлю ўспадкаеміць.
Яшчэ крыху, і ня будзе бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго няма!
ВАЎ. Яшчэ нямнога і не будзе грэшніка; глянеш на месца яго — і не знойдзеш яго.
А пакорныя зямлю ў спадчыну возьмуць і будуць насалоджвацца ў мностве супакою.
А вось пакорныя ўспадкаемяць зямлю і адчуюць асалоду ў бязмежнасці супакою.
Бязбожнік задумвае ліхое супраць праведнага і скрыгоча на яго зубамі сваімі.
ДЗАЙН. Настаўляе пастку грэшнік на справядлівага і скрыгоча супраць яго зубамі сваімі.
Госпад сьмяецца з яго, бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
Але Госпад смяецца з яго, бо Ён ведае заўтрашні дзень яго.
Бязбожнікі выцягнулі меч і нацягнулі лук свой, каб паваліць прыгнечанага і беднага, каб замардаваць тых, у каго шлях просты.
ГЭТ. Вымаюць грэшнікі меч з похваў, нацягваюць лук свой, каб пасцінаць беднага і няшчаснага, каб знішчыць тых, што ідуць правільным шляхам.
Меч іхні ўвойдзе ў сэрца іхняе, і лук іхні будзе зламаны.
Меч іх уваткнецца ў іх жа сэрца, а лукі іх паломяцца.
Малое ў праведніка лепшае за багацьце шматлікіх бязбожнікаў.
Лепшая дробязь у справядлівага, чым вялікі дастатак у грэшнікаў.
Бо рамёны бязбожнікаў будуць скрышаныя, а праведнікаў падтрымлівае ГОСПАД.
Бо рамёны грэшнікаў саслабеюць, а справядлівым Госпад надасць сілу.
Ведае ГОСПАД дні беззаганных, і спадчына іхняя будзе на вякі.
ЁД. Вызначыў Госпад дні беззаганных, і спадчына іх будзе навечна.
Ня будуць яны асаромленыя ў час ліхі, а ў дні голаду будуць насычаныя.
Не пасаромеюцца яны ў ліхую часіну і ў дні голаду будуць насычаны.
Бо загінуць бязбожнікі, і ворагі ГОСПАДА зьнікнуць, як тлустасьць авечак у дыме зьнікае.
КАФ. Бо грэшнікі згінуць, і ворагі Госпада змарнеюць, бы зяленіва палёў, змарнеюць, нібыта дым.
Бярэ бязбожнік у доўг — і [доўгу] ня верне; а праведнік літуецца і дае.
ЛЯМЭД. Грэшнік пазычае, але не вяртае, а справядлівы шкадуе і аддае.
Бо дабраслаўлёныя [Богам] зямлю ў спадчыну возьмуць, а тыя, што праклятыя Ім, будуць зьнішчаныя.
Бо дабраславёныя Яго ўспадкаемяць зямлю, а праклятыя Ім будуць знішчаны.
ГОСПАД умацоўвае крокі чалавека, калі шлях ягоны даспадобы Яму.
МЭМ. Крок чалавека спасіляецца Госпадам, і ахвотна пойдзе той шляхам Яго.
Калі ўпадзе, не заб’ецца, бо Госпад падтрымлівае руку ягоную.
Калі ж паваліцца ён, то не паб’ецца, бо Госпад падставіць руку Сваю.
Я быў малады і стаўся стары, і ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, каб насеньне ягонае шукала хлеба.
НУН. Быў я малады і састарэў, і не бачыў я, каб справядлівы быў пакінуты і каб дзеці яго прасілі хлеба.
Кожны дзень ён літуецца і пазычае, і насеньне ягонае мае дабраслаўленьне.
Цэлы дзень чыніць Ён міласэрнасць і пазычае, і дзеці яго ў дабраславенні будуць.
Аддаліся ад зла і рабі добрае, і будзеш жыць на вякі.
САМЭК. Ухіляйся ад ліха і рабі дабро, і будзеш ты жыць у вяках.
Бо ГОСПАД любіць суд, і Ён не пакіне багабойных Сваіх, на вякі захавае іх, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана.
Бо Госпад любіць справядлівасць і не пакіне сваіх святых. АЙН. А несправядлівыя загінуць навечна, і нашчадкі бязбожнікаў будуць знішчаны.
Праведнікі возьмуць у спадчыну зямлю і будуць жыць у ёй вечна.
А справядлівыя ўспадкаемяць зямлю і век будуць жыць на ёй.
Вусны праведніка выказваюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць суд.
ФЭ. Вусны справядлівага спяваюць праўду і язык яго гаворыць тое, што правільна.
Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным; ня будуць хістацца крокі ягоныя.
Закон Бога яго ў сэрцы яго, і не хістаюцца яго ногі.
Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае, каб прывесьці да сьмерці яго.
САДЭ. Сочыць грэшнік за справядлівым і імкнецца забіць яго.
ГОСПАД не пакіне яго ў руцэ ягонай, не асудзіць яго, калі ён будзе суджаны.
Але Госпад не пакіне яго ў руках таго, не асудзіць яго, калі тыя будуць асуджаны.
Спадзявайся на ГОСПАДА, і захоўвай шлях Ягоны, і Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю; і калі будуць зьнішчаныя бязбожнікі, ты ўбачыш.
КОФ. Чакай Госпада і пільнуй шлях Яго, і Ён узвысіць цябе, каб атрымаў ты ў спадчыну зямлю; калі будуць знішчаны грэшнікі, ты ўбачыш.
Я бачыў бязбожніка, моцнага і разгалінаванага, быццам галінастае тутэйшае дрэва,
РЭС. Бачыў я бязбожніка, які надзімаўся ад пыхі і ўзвышаўся, быццам кедр зялёны,
але прамінуў ён, няма яго, і я шукаў яго, і не знайшоў.
і я прайшоў міма, і вось не было ўжо яго; і шукаў я яго, а ён не знайшоўся.
Зважай на беззаганнага і глядзі на правага, бо канец [гэтага] чалавека ёсьць супакой.
СІН. Назірай за бязгрэшным і глядзі на справядлівага, бо будучыня належыць чалавеку міратворцу.
А адступнікі будуць зьнішчаны чыста; і канец бязбожных — зьнішчэньне.
А несправядлівыя згінуць разам, будучыня бязбожнікаў будзе знішчана.
Выратаваньне праведнікаў — ад ГОСПАДА, Ён — апора іхняя ў час трывогі.
ТАЎ. Збаўленне справядлівых у Госпада; і Ён абаронца ў час бяды.
ГОСПАД дапаможа ім і вызваліць іх; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў і збавіць іх, бо яны ў Ім маюць надзею.
І ўспамагае ім Госпад, і вызваляе іх, і вырывае іх ад бязбожных, і збаўляе іх, бо яны хінуцца да Яго.