Псалтыр 73 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Псальм Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, якія чыстыя сэрцам!
 
Псальм Асафа. Які ж добры Бог для прастадушных! Ён Госпад тым, хто чысты сэрцам.

А ў мяне амаль не спатыкнуліся ногі мае, ледзь не пакаўзнуліся крокі мае.
 
А мае ногі ледзь не спаткнуліся, ледзь не абарваліся крокі мае,

Бо я пазайздросьціў тым, што хваляць сябе, убачыўшы супакой бязбожнікаў,
 
бо пазайздросціў я бязбожным, гледзячы на спакойнае жыццё грэшнікаў.

бо яны ня маюць гора аж да сьмерці і добра ўскормлена цела іхняе,
 
Бо няма для іх ніякіх перашкод, здаровае і сытае чэрава іх.

нядолі людзкой яны ня маюць, і [кары], як у іншых лю-дзей, няма для іх.
 
На працы чалавечай няма іх і не церпяць яны бічаванняў разам з людзьмі.

Дзеля гэтага атачае шыю іхнюю пыха, ліхадзейства нібы шатамі атуляе іх.
 
Таму пыха ў іх — як каралі, і імкненне да гвалту, як адзенне, пакрыла іх.

Ад тлустасьці павылазілі вочы іхнія, прыходзіць [ім] больш за ўяўленьні сэрца [іхняга].
 
Выступае, быццам з тлустай глебы, несправядлівасць іх, вырываюцца вонкі задумы сэрца.

Яны зьдзекуюцца і гавораць зласьліва; звысака гавораць пра крыўду.
 
Здзекуюцца яны і прамаўляюць благое, з высокай пасады несправядліва прамаўляюць.

Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, а язык іхні па зямлі гуляе.
 
Размясцілі яны на небе вусны свае, а язык іх прайшоў па зямлі.

Дык туды і народ Ягоны паварочваецца, і шчодрыя воды выліваюцца на іх.
 
Таму і сядзяць яны на вышыні, і поўныя воды не дойдуць да іх.

І яны кажуць: «Як Бог даведацца? І ці мае веданьне [пра гэта] Найвышэйшы?»
 
І сказалі яны: «Адкуль ведае Бог, і ці ёсць веданне ва Узвышняга?

Вось, гэткія ёсьць бязбожнікі, і ў спакоі вечным зьбіраюць яны багацьці.
 
Вось, тыя самыя грэшнікі і тыя, што жывуць багата ў свеце, атрымалі яшчэ большае багацце».

Дык ці-ж зусім надарма я захоўваў у чыстасьці сэрца маё і абмываў у нявіннасьці рукі мае,
 
І сказаў я: «Значыць не дарэмна ачысціў я сэрца сваё і ў беззаганнасці вымыў рукі мае;

і білі мяне ўвесь дзень, і каралі мяне кожную раніцу?
 
і цярпеў я бічаванні цэлы дзень, і пакаранне маё — раніцаю».

Калі б я сказаў: «Буду думаць, як яны!» — я б гэтым адрокся ад пакаленьня сыноў Тваіх.
 
Калі б сказаў я: «Я буду гаварыць, як тыя», то здрадзіў бы роду Тваіх сыноў.

І я разважаў, каб зразумець [усё] гэта, і нядоляй гэта [здавалася] ў вачах маіх,
 
І я разважаў, як жа зразумець гэта; напружанне было ў вачах маіх,

аж пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і тады зразумеў канец іхні.
 
пакуль не паглыбіўся ў святую справу Божую і не асэнсаваў іхняга канца.

Сапраўды, на коўзкім груньце Ты ставіш іх і пасылаеш на пагібель!
 
Памясціў Ты іх сапраўды на коўзкай дарозе, скінуў іх у бездань.

Як жа імгненна яны спустошаныя, загінулі, счэзьлі ад жаху!
 
Якімі ж спустошанымі засталіся яны! Нечакана збяднелі яны, загінулі ад жаху.

Як сном пасьля абуджэньня, Ты, Госпадзе, збудзіўшыся, грэбуеш вобразам іхнім.
 
Быццам сну пасля абуджэння, Ты адцураешся іх, узняўшыся.

Бо згоркла сэрца маё і курчыліся ныркі мае,
 
Паколькі раздражнялася сэрца маё і нутро маё кіпела,

я стаўся дурнем і ня ведаў нічога, і быў перад Табой, як жывёла,
 
і я быў неразумны і нічога не ведаў: як жывёла, быў я перад Табою.

але я быў пры Табе заўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю,
 
Але я заўсёды з Табою, Ты трымаеш правую маю руку.

Ты вядзеш мяне паводле рады Тваёй, і потым возьмеш мяне ў славу [Тваю].
 
Вядзеш мяне сваёю парадаю і ў канцы прымеш мяне ў хвалу.

Каго ж я маю ў небе? І на зямлі апроч Цябе мне [ніхто] не даспадобы.
 
Каго, апроч Цябе, маю я ў небе? І калі я з Табою, зямля мяне не захапляе.

Зьнікаюць цела маё і сэрца маё, але Бог — скала сэрца майго і частка мая на вякі.
 
Знемаглося цела маё і сэрца маё. Скалой-апорай сэрца майго і доляй маёй вечнай — Бог.

Бо, вось, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты вынішчаеш кожнага, хто чужаложыць, [выракаючыся] Цябе.
 
Бо вось, тыя, што адступаюць ад Цябе, пагінуць. Выгубіш усіх, што адкінуліся ад Цябе на распусту.

А для мяне блізкасьць Бога ёсьць дабро; я зрабіў у Госпадзе маім, ГОСПАДЗЕ, прыстанішча маё, каб абвяшчаць усе справы Твае.
 
Мне ж добра быць блізка да Бога, мець у Госпадзе Богу прытулак сабе. Абвяшчу пра ўсе справы Твае ў брамах Сіёна.