Псалтыр 37 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Давіда. Ня гневайся, [гледзячы] на злачынцаў, не зайздросьці тым, што робяць беззаконьне,
Давідава. Ня злуйся на ліхадзеяў, не завідуй крыўднікам;
бо яны, як трава, хутка ссохнуць, і павянуць, як расьліна зялёная.
Бо, як траву, іх уборзьдзе скосяць, і, як зялёнае зельле, яны зьвянуць.
Спадзявайся на ГОСПАДА і рабі добрае, жыві на зямлі, і захоўвай вернасьць.
Спадзявайся на СПАДАРА й рабі дабро; жыві на зямлі й жывіся вернасьцю.
Насалоджвайся ў ГОСПАДЗЕ, і Ён табе дасьць прагненьні сэрца твайго.
І любуйся ў СПАДАРУ, і Ён дасьць табе жаданьні сэрца твайго.
Аддай ГОСПАДУ шлях твой і спадзявайся на Яго, і Ён [усё] зробіць,
Узвалі на СПАДАРА дарогу сваю, і спадзявайся на Яго, і Ён зьдзее,
і выведзе праведнасьць тваю як сьвятло, і суд твой — як белы дзень.
І вывядзе, як сьвятліню, справядлівасьць тваю, і суд твой, як паўдня.
Ціхі будзь перад ГОСПАДАМ і чакай на Яго, ня гневайся на таго, хто мае посьпех на шляху сваім, на чалавека, які робіць зламыснае.
Будзь ціхі перад СПАДАРОМ і чакай Яго. Не квяліся з дасьпяваючага на дарозе сваёй, з чалавека, злосныя замеры дзеючага.
Ухіліся ад гневу, пакінь ярасьць, ня гневайся, каб ты ня стаўся злачынцам,
Узьдзержуйся ад гневу і пакінь абурэньне, не квяліся; гэта адно да благога.
бо злачынцы будуць зьнішчаныя, а тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, возьмуць у спадчыну зямлю.
Бо нягодныя будуць адцяты, а спадзяючыя СПАДАРА адзяржаць зямлю.
Яшчэ крыху, і ня будзе бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго няма!
Яшчэ крыху, і няма нягодных; і ўглядайся на месца ягонае, і — няма яго.
А пакорныя зямлю ў спадчыну возьмуць і будуць насалоджвацца ў мностве супакою.
Але лагодным спадзець зямля і будуць любавацца вялікім супакоям.
Бязбожнік задумвае ліхое супраць праведнага і скрыгоча на яго зубамі сваімі.
Нягодны задумляе супроці справядлівага і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
Госпад сьмяецца з яго, бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
Спадар сьмяецца зь нягоднага, бо Ён бача, што прыходзе дзень ягоны.
Бязбожнікі выцягнулі меч і нацягнулі лук свой, каб паваліць прыгнечанага і беднага, каб замардаваць тых, у каго шлях просты.
Меч агаляюць нягодныя і напінаюць лукі свае, каб паваліць убогага а галечу, зарэзаць тых, што ходзяць нацянькі.
Меч іхні ўвойдзе ў сэрца іхняе, і лук іхні будзе зламаны.
Меч іхны ўвыйдзе ў собскае сэрца іхнае, і лукі іхныя зломяцца.
Малое ў праведніка лепшае за багацьце шматлікіх бязбожнікаў.
Валей малое ў справядлівага, чымся багацьце ў шмат нягодных;
Бо рамёны бязбожнікаў будуць скрышаныя, а праведнікаў падтрымлівае ГОСПАД.
Бо плечы нягодных зломяцца, але СПАДАР падпірае справядлівых.
Ведае ГОСПАД дні беззаганных, і спадчына іхняя будзе на вякі.
СПАДАР ведае дні беззаганных, і спадак іхны на векі будзе трываць.
Ня будуць яны асаромленыя ў час ліхі, а ў дні голаду будуць насычаныя.
Не засаромяцца яны ў благім часе і ў дні галадові будуць насычаныя.
Бо загінуць бязбожнікі, і ворагі ГОСПАДА зьнікнуць, як тлустасьць авечак у дыме зьнікае.
Але нягодныя загінуць, непрыяцелі СПАДАРОВЫ, як сытыя авечкі, шчэзнуць, як дым, яны шчэзнуць.
Бярэ бязбожнік у доўг — і [доўгу] ня верне; а праведнік літуецца і дае.
Пазычае нягодны і не аддаець, але справядлівы робе ласку і даець.
Бо дабраслаўлёныя [Богам] зямлю ў спадчыну возьмуць, а тыя, што праклятыя Ім, будуць зьнішчаныя.
Бо дабраславёныя Ім адзяржаць зямлю, праклятыя Ім будуць выгублены.
ГОСПАД умацоўвае крокі чалавека, калі шлях ягоны даспадобы Яму.
Ад СПАДАРА сігні людзіны ўстаноўлены, і дарозе ейнай Ён прыяе.
Калі ўпадзе, не заб’ецца, бо Госпад падтрымлівае руку ягоную.
Як яна паваліцца, яна ня зрынецца стрым галаву, бо СПАДАР падпора рукі ейнае.
Я быў малады і стаўся стары, і ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, каб насеньне ягонае шукала хлеба.
Малады я быў, і застараўся, і ня бачыў я справядлівага пакіненага ані насеньня ягонага просячага хлеба.
Кожны дзень ён літуецца і пазычае, і насеньне ягонае мае дабраслаўленьне.
Ён цэлы дзень робе ласку і пазычае, і насеньне ягонае ё дабраславенствам.
Аддаліся ад зла і рабі добрае, і будзеш жыць на вякі.
Адхінайся ад ліха, і рабі дабро, і жыві на векі;
Бо ГОСПАД любіць суд, і Ён не пакіне багабойных Сваіх, на вякі захавае іх, а насеньне бязбожнікаў будзе зьнішчана.
Бо СПАДАР любе суд, Ён не пакіне дабрачэсьлівых сваіх, навекі захаваюцца; але насеньне бязбожных выгубіцца.
Праведнікі возьмуць у спадчыну зямлю і будуць жыць у ёй вечна.
Справядлівым спадзець зямля; і яны будуць жыць на векі на ёй.
Вусны праведніка выказваюць мудрасьць, і язык ягоны гаворыць суд.
Вусны справядлівага выказуюць мудрасьць, і язык ягоны гукае праз права;
Закон Бога ягонага ў сэрцы ягоным; ня будуць хістацца крокі ягоныя.
Закон Бога ягонага ў сэрцу ягоным, і ступы ягоныя не пакаўзнуцца.
Бязбожнік сочыць за праведнікам і шукае, каб прывесьці да сьмерці яго.
Цікуе бязбожны на справядлівага, ён шукае яго забіць.
ГОСПАД не пакіне яго ў руцэ ягонай, не асудзіць яго, калі ён будзе суджаны.
СПАДАР не пакіне яго ў руццэ ягонай і не абвінуе яго на судзе ягоным.
Спадзявайся на ГОСПАДА, і захоўвай шлях Ягоны, і Ён узвысіць цябе, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю; і калі будуць зьнішчаныя бязбожнікі, ты ўбачыш.
Спадзявайся на СПАДАРА і глядзі дарогі Ягонай, — і Ён падыйме цябе, каб тэ’ спала зямля; на адцяцьце бязбожных ты будзеш глядзець.
Я бачыў бязбожніка, моцнага і разгалінаванага, быццам галінастае тутэйшае дрэва,
Я бачыў бязбожніка неміласьціўнага, што шырыўся, як мясцовае зялёнае дзерва;
але прамінуў ён, няма яго, і я шукаў яго, і не знайшоў.
І я прайшоў, і гля, яго няма; я шукаў яго, і не знайшоў.
Зважай на беззаганнага і глядзі на правага, бо канец [гэтага] чалавека ёсьць супакой.
Зважай на беззаганнага і глядзі на пасьцівага, бо канец такой людзіне ё супакой.
А адступнікі будуць зьнішчаны чыста; і канец бязбожных — зьнішчэньне.
Але выступнікі будуць супоўна зьнішчаны, канец нягодных адцяты.
Выратаваньне праведнікаў — ад ГОСПАДА, Ён — апора іхняя ў час трывогі.
Спасеньне справядлівых ад СПАДАРА; Ён горад іхны ў часе бяды.
ГОСПАД дапаможа ім і вызваліць іх; Ён вызваліць іх ад бязбожнікаў і збавіць іх, бо яны ў Ім маюць надзею.
І памагае ім СПАДАР, і вывальняе іх; Ён вывальняе іх ад бязбожных і выбаўляе іх, бо яны здаюцца на Яго.