Псалтыр 44 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Навучаньне.
Кіраўніку хору. Сыноў Корыных навука.
Божа! Вушамі нашымі мы чулі, бацькі нашыя нам абвясьцілі пра справы, якія Ты ўчыніў у дні іхнія, у дні старадаўнія.
Божа, мы чулі вушамі сваімі, айцове нашы маўлялі нам, што за ўчынкі Ты зьдзеяў за дзён іхных, за дзён старавечных;
Ты рукою Тваёю вырваў паганаў, а іх пасадзіў; вынішчыў народы, а іх разрасьціў.
Ты рукою Сваёю выгнаў народы, але іх Ты насадзіў; патрышчыў люды і адаслаў іх;
Бо не мячом сваім яны ўзялі на ўласнасьць зямлю, не рамяно іхняе збавіла іх, але правіца Твая і рамяно Тваё, і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты меў ласку да іх.
Бо не мячом іхным спала ім зямля, ані плячо іхнае ўратавала іх, але правіца Твая а плячо Твае а сьвятліня віду Твайго; бо Ты прыяў ім.
Ты — Валадар мой, о Божа! Дык загадай, [каб прыйшло] збаўленьне Якубу!
Ты тый, Каторы кароль мой, Божа! раскажы спасеньне Якаву.
Праз Цябе мы паб’ем прыгнятальнікаў нашых, праз імя Тваё стопчам тых, што паўстаюць супраць нас.
Табою мы збадзем варагоў сваіх, зь імям Тваім патопчам паўстаючых на нас;
Бо не на лук спадзяюся я, і меч мой ня збавіць мяне,
Бо не на лук свой я спадзяюся, і меч мой не ўратуе мяне;
але Ты збавіў нас ад прыгнятальнікаў нашых і асароміў тых, што нас ненавідзяць.
Але Ты вывальніў нас ад варагоў нашых і ненавідзячых нас Ты засароміў.
У Богу мы хвалімся ўсе дні, і імя Тваё навекі будзем славіць! (Сэлях)
Богам мы хвалімся цэлы дзень, і імені Твайму на векі будзем дзякаваць. Сэля.
Але Ты нас пакінуў і нас асароміў, і не выходзіш разам з войскамі нашымі.
Ты, адылі, пакінуў, засарамаціў нас, і ня выходзіш у войсках нашых;
Ты павярнуў нас наўцёкі перад прыгнятальнікамі нашымі, а ненавісьнікі нашыя нас зрабавалі.
Ты павярнуў нас назад ад непрыяцеля, і ненавідзячыя глабаюць нас сабе;
Ты нас аддаў, як авечак, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў.
Ты аддаў нас, як авечкі, на емя, і меж народаў рассыпаў нас;
Ты прадаў народ Твой за марную плату і не падняў кошту яго.
Прадаў люд Свой задарма, не павялічыў цаны іх;
Ты выставіў нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на кпіны і насьмешкі тых, што навокал нас.
Ты зрабіў нас зьдзекам у суседзяў нашых, пасьмехам а грэбаваньням тых, што навокал нас;
Ты ў прыказку ўвёў нас сярод паганаў, і народы ківаюць галовамі [над намі].
Зрабіў нас прыказяй у народаў, ківам у людаў.
Увесь дзень ганьба мая перада мною, і сорам аблічча майго пакрывае мяне
Цэлы дзень ганьба мая перад імною, і сорам віду майго пакрывае мяне,
бо [чую] голас тых, якія зьневажаюць і лаюць мяне, бо [бачу] аблічча ворага і мсьціўцы.
Ад голасу лаючага а вернучага, ад паглядаў непрыяцеля а помсьніка.
Усё гэта прыйшло на нас, хоць мы не забыліся на Цябе і ня здрадзілі запавету з Табою.
Усе гэта прышло на нас; а мы не забыліся Цябе ані схвальшавалі змовы Твае;
Не адступілася сэрца нашае і не адхіляліся крокі нашыя ад шляху Твайго,
Сэрца нашае не адступіла назад, не адхінуліся й сігі нашыя ад сьцежкі Твае,
хоць Ты скрышыў нас у месцы цмокаў і накрыў нас ценем сьмерці.
Як Ты паражаў нас на месцу шакалоў і пакрыў нас сьмяротным сьценям;
Калі б мы забыліся імя Бога нашага і цягнулі рукі нашыя да бога чужога,
Калі б мы забыліся імя Бога нашага альбо выцягнулі рукі нашы да чужога бога,
ці ж бы Бог не дазнаўся пра гэта? Бо Ён ведае таямніцы сэрца!
Ці не прасачыў бы Бог гэтага? бо Ён ведае тайны сэрца.
Бо за Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас за авечак на зарэз.
За Цябе забіваюць нас кажны дзень, уважаюць нас за авечкі на зарэз.
Збудзіся! Чаму сьпіш, Госпадзе? Абудзіся, не пакінь нас навекі!
Прачхніся, чаму сьпіш, Спадару? Устань, не пакінь нас назаўсёды.
Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываешся на пакуты і прыгнечаньне нашае?
Нашто хаваеш Ты від Свой? нашто забываешся гароту нашу а ўціск наш?
Бо ўкінута ў пыл душа нашая, прыляпілася да зямлі нутро нашае.
Бо душа наша ўгнулася да пылу, прыліп да зямлі жывот наш.
Паўстань на ўспамогу нам, выбаў нас дзеля міласэрнасьці Тваёй!
Устань, памажы нам, выкупі нас дзеля ласкі Свае.