Псалтыр 10 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі?
 
Чаму, СПАДАРУ, стаіш воддаль, хаваешся ў часох уціску?

Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага. Няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў.
 
З пыхі нягодны перасьлядуе беднага; няхай яны будуць злоўлены ў хітрыкі, каторыя самы выдумалі;

Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ.
 
Бо хваліцца нягоднік жадою душы свае і прагавітата дабраславе, а СПАДАРА ўлегцы мае.

Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае [Бога]. «Няма Бога!» — усе думкі ў яго.
 
Нягодны ў пысе сваёй ня шукае. «Няма Бога», — вось усі замеры ягоныя.

Шляхі ягоныя пасьпяховыя ў-ва ўсякі час; суды Твае высока аддаленыя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх [грэбліва] дзьмухае ён.
 
У кажным часе дарогі ягоныя смутныя; высокія суды Твае ад яго; усіх уцісканьнікаў сваіх ён не шманае;

Ён гаворыць у сэрцы сваім: «Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе [ў мяне]».
 
Кажа ў сэрцу сваім: «Не пахіснуся; з пакаленьня ў пакаленьне ня стрэну нядолі».

Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком ягоным — ліхота і злачынства.
 
Кляцьбы, ізрадлівасьці а ўціску рот ягоны поўны; пад языком ягоным крыўда а ашука.

Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым.
 
Сядзіць у засадзе ў сёлах; у патайных месцах забівае нявіннага; вочы ягоныя падглядаюць гаротнага;

Ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сетку сваю.
 
Цікуе ў патайным месцу, як леў у логве; цікуе, схапіць беднага; хапае беднага, цягне да сеці свае;

Ён згінаецца, туліцца [да зямлі], і ад моцы ягонай гіне шмат нешчасьлівых.
 
Зьгінаецца, прылягае, і падаюць ад моцы ягонае гаротныя.

Ён кажа ў сэрцы сваім: «Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!»
 
Кажа ў сэрцу сваім: «Забыўся Бог, схаваў від Свой, не абача ніколі».

Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых!
 
Паўстань, СПАДАРУ, Божа, узьнімі руку Сваю, не забудзься бедных.

Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты ня будзеш шукаць [гэтага]»?
 
Нашто нягодны ўлегцы мае Бога, кажучы ў сэрцу сваім: «Ты ня сочыш?»

Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць [аднагароду] рукою Тваёй. Табе пакідае [свой лёс] нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце.
 
Ты бачыў, бо Ты зацямляеш крыўду а ўціск, каб адплаціць рукою Сваёй. На Цябе здаецца гаротны; сіраце Ты быў памачнік.

Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго нельга было знайсьці.
 
Зламі плячо нягодніку а ліхадзею; датуль шукай нягоднасьці, пакуль ня знойдзеш ніякае.

ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай.
 
СПАДАР — кароль на векі а векі, зьгінуць народы ізь зямлі Ягонае.

Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё,
 
Жаданьне лагодных Ты пачуеш, СПАДАРУ, прыгатуеш сэрцы іх; Ты нахінеш вуха Свае,

каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі!
 
Каб даць суд сіраце а ўцісьненаму, каб наперад не пасьмеў палохаць людзіну на зямлі.