Псалтыр 10 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
ЛЯМЭД. Чаму стаіш, Госпадзе, далёка, хаваеш Сябе ў часе смутку?
Чаму, СПАДАРУ, стаіш воддаль, хаваешся ў часох уціску?
Бязбожны выхваляецца, чыніць убогаму пераслед, заблытвае яго ў хітрыках, якія задумаў.
З пыхі нягодны перасьлядуе беднага; няхай яны будуць злоўлены ў хітрыкі, каторыя самы выдумалі;
Бязбожны выхваляецца пажаданнямі душы сваёй, і хцівы дабраслаўляе сябе.
Бо хваліцца нягоднік жадою душы свае і прагавітата дабраславе, а СПАДАРА ўлегцы мае.
НУН. Пагарджае Госпадам грэшнік у пыхлівасці сваёй: «Не запатрабуе, няма Бога».
Нягодны ў пысе сваёй ня шукае. «Няма Бога», — вось усі замеры ягоныя.
Гэткія ўсе думкі яго; спрыяльныя шляхі яго ў любы час. Далёкія суды Твае ад аблічча яго; пагарджае ён усімі ворагамі сваімі.
У кажным часе дарогі ягоныя смутныя; высокія суды Твае ад яго; усіх уцісканьнікаў сваіх ён не шманае;
Гаворыць ён у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не будзе мне ліха».
Кажа ў сэрцу сваім: «Не пахіснуся; з пакаленьня ў пакаленьне ня стрэну нядолі».
ФЭ. Вусны яго поўныя праклёнаў, і маны, і падступнасці, пад языком яго падман і брыдота.
Кляцьбы, ізрадлівасьці а ўціску рот ягоны поўны; пад языком ягоным крыўда а ашука.
САДЭ. Вочы яго сочаць за ўбогім; ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у логаве сваім.
Сядзіць у засадзе ў сёлах; у патайных месцах забівае нявіннага; вочы ягоныя падглядаюць гаротнага;
Падпільноўвае, каб схапіць убогага, хапае гаротніка і цягне ў пастку сваю.
Цікуе ў патайным месцу, як леў у логве; цікуе, схапіць беднага; хапае беднага, цягне да сеці свае;
Туліцца да зямлі і прыгінаецца, і няшчасныя падаюць ад моцы рук яго.
Зьгінаецца, прылягае, і падаюць ад моцы ягонае гаротныя.
І гаворыць ён у сэрцы сваім: «Забыўся Бог, адвярнуў аблічча Сваё, не паглядзіць ніколі».
Кажа ў сэрцу сваім: «Забыўся Бог, схаваў від Свой, не абача ніколі».
КОФ. Узніміся, Госпадзе Божа, узнімі руку Тваю, не забывайся на ўбогага!
Паўстань, СПАДАРУ, Божа, узьнімі руку Сваю, не забудзься бедных.
Чаму пагарджае нягоднік Богам? Бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Ты не запатрабуеш».
Нашто нягодны ўлегцы мае Бога, кажучы ў сэрцу сваім: «Ты ня сочыш?»
РЭС. Ты бачыш гэта, Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у рукі Твае. На Цябе пакінуты ўбогі, Ты зрабіўся апекуном сіраце.
Ты бачыў, бо Ты зацямляеш крыўду а ўціск, каб адплаціць рукою Сваёй. На Цябе здаецца гаротны; сіраце Ты быў памачнік.
СІН. Скрышы руку грэшніка і ліхадзея; будзеш шукаць Ты грэх яго і не знойдзеш.
Зламі плячо нягодніку а ліхадзею; датуль шукай нягоднасьці, пакуль ня знойдзеш ніякае.
Госпад — валадар навечна і на вечныя вякі: знікнуць пагане з зямлі Яго.
СПАДАР — кароль на векі а векі, зьгінуць народы ізь зямлі Ягонае.
ТАУ. Жаданне ўбогіх Ты выслухаў, Госпадзе; Ты ўмацуеш сэрца іх, прыхіліш вуха Тваё,
Жаданьне лагодных Ты пачуеш, СПАДАРУ, прыгатуеш сэрцы іх; Ты нахінеш вуха Свае,
каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, каб чалавек на зямлі болей не наводзіў страх.
Каб даць суд сіраце а ўцісьненаму, каб наперад не пасьмеў палохаць людзіну на зямлі.