Псалтыр 91 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага,
 
Жывучы ў патайным схове Навышняга ў сьценю Ўсемагучага супачывае.

кажа ён Госпаду: «Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго».
 
Скажу СПАДАРУ: «Прытулішча а горад мой, Бог мой, — спадзяюся на Яго!»

Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова.
 
Бо Ён вывальне цябе ад сеці паляўнічага, ад няшчаснага мору;

Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер’ем Яго схаваешся; шчыт і заслона — праўда Яго.
 
Пер’ям Сваім ахінець цябе, і пад крыламі Ягонымі схаваешся, шчыт а панцыр вернасьць Ягоная.

Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень.
 
Не зьлякаешся жахаў ночы, стралы, што ляціць удзень,

Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні.
 
Мору, што ў цемні ходзе, зьнішчэньня, што пустоша паўднём.

Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся.
 
Паваліцца ля боку твайго тысяча і дзесяць тысячаў па правай руццэ тваёй; але да цябе не дабліжыцца.

Сапраўды, пабачыш на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам.
 
Ты адно ачыма сваімі паглядзіш і заплату нягоднікаў пабачыш;

Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў ты Найвышэйшага паселішчам тваім.
 
Бо Ты, СПАДАРУ, прытулішча мае, — бо Навышняга ты ўстанавіў за схоў свой.

Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй,
 
Ня прыгодзіцца табе ліха, і ніякі выцень не дабліжыцца да будану твайго;

бо загадаў Ён анёлам сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах.
 
Бо Ён ангілам сваім раскажа празь цябе сьцерагчы цябе на ўсіх дарогах тваіх.

На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй.
 
На далонях панясуць цябе, каб ты ня выцяўся аб камень нагою сваёю.

На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона.
 
На лява а гада наступіш; патопчаш левянё а смока.

Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё.
 
«За тое, што ён жадаў Мяне, выбаўлю яго; памяшчу яго на вышыні, бо ён пазнаў імя Мае.

Будзе клікаць мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго.
 
Як загукае да Мяне, Я адкажу яму; Я буду зь ім у ватузе; выратую яго і ўшчу яго;

Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.
 
Даўгімі днямі насычу яго, і пакажу яму спасеньне Свае».