Псалтыр 57 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі ён уцёк ад Саўла ў пячору.
Кіраўніку хору. Подле «Не загубі». Пісань Давідава, калі ён уцёк ад Саўлы ў пячору.
Злітуйся нада мною, Божа, злітуйся нада мной, бо ў Цябе шукае абароны душа мая. У засені крылаў Тваіх буду шукаць прытулку, пакуль не міне нядоля.
Зьмілуйся над імною, Божа, зьмілуйся над імною; бо да Цябе ўцякае душа мая, пад сьцень крылаў Тваіх я ўцякаю, пакуль мінець няшчасьце.
Клічу Бога Найвышэйшага, Бога, Які спагадае мне.
Я гукаю да Бога Навышняга, да Бога, Каторы поўне імне.
Ён сашле з неба і вызваліць мяне, Ён аддасць на ганьбу тых, што тапталі мяне. Сашле Бог міласэрнасць Сваю і праўду Сваю.
Ён пашлець ізь нябёс і выбаве мяне; паганьбе тых, што глытаюць мяне (Сэля); пашлець Бог ласку Сваю а праўду Сваю.
Душа мая ляжыць сярод ільвятаў, што зжыраюць сыноў чалавечых. Зубы іх — зброя і стрэлы, а язык іх — востры меч.
Душа мая сярод лявоў, ляжу меж поламяў, меж сыноў людзкіх, каторых зубы — дзіды а стрэлы, і язык іхны — войстры меч.
Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, а слава Твая па ўсёй зямлі.
Будзь узвышаны над нябёсы, Божа! над усёю зямлёю чэсьць Твая!
Наставілі пасткі на ногі мае, і надламілася душа мая; выкапалі дол перада мною, і самі ўваліліся ў яго.
Яны прыгатавалі сець пад ступы мае; угнулася душа мая; выкапалі яму на мяне, але самы ўваліліся ў яе. Сэля.
Прыгатавана сэрца маё, Божа, прыгатавана сэрца маё; буду спяваць і граць псальмы.
Прыгатавана сэрца мае, Божа, прыгатавана сэрца: я буду пяяць а граць.
Прачніся, слава мая, прачніцеся, гуслі і кіфара, я абуджу світанне.
Прачхніся, чэсьць мая, прачхніцеся, ліра а гарпа! Я прачхнуся на золку.
Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, між народамі, буду спяваць Табе псальмы сярод плямёнаў.
Буду хваліць Цябе, Спадару, мяж людаў; буду граць Табе меж народаў;
Бо ўзвысілася да самых нябёсаў міласэрнасць Твая і да самых аблокаў — праўда Твая.
Бо вялікая аж да нябёсаў ласка Твая, аж да булакоў праўда Твая.
Уздыміся, Божа, па-над нябёсы, па ўсёй зямлі — слава Твая.
Будзь узвышаны над нябёсы, Божа! над усёю зямлёю чэсьць Твая!