Псалтыр 9 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. На мелодыю «Мут лабэн». Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору. З прыгоды сьмерці Лабена. Псальма Давідава.
АЛЕФ. Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, распавядаць пра ўсе цуды Твае.
Выхваляю СПАДАРА ўсім сэрцам сваім, вылічу ўсі чудосы Твае.
Буду цешыцца і радавацца ў Табе, буду спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы!
Радавацца а весяліцца буду ў Табе, буду апяваць імя Твае, Навышні.
БЭТ. Калі ворагі мае паварочваюць назад, знясільваюцца яны і гінуць перад абліччам Тваім.
Як абернуцца непрыяцелі мае назад, яны спаткнуцца а загінуць ад віду Твайго;
Бо ўчыніў Ты суд мой і справу маю; сеў Ты на пасадзе, Суддзя справядлівы.
Бо Ты спраўляў Мой суд а Мой рассудак; Ты сядзеў на пасадзе, судзьдзя справядлівы.
ГІМЭЛЬ. Ты ўгнявіўся на паганаў, знішчыў бязбожнага; імя іх зруйнаваў назаўсёды і на векі вечныя.
Ты зганіў народы, зьнішчыў нягоднага, выцер імя іхнае на векі а векі.
Ворагі знішчаны, сталася спусташэнне вечнае, і гарады зруйнаваў Ты: згінула памяць пра іх з імі разам.
О непрыяцелю! скончыліся спустошаньні на векі, ты месты выкараніў, памятка іхная зьгінула зь імі.
ГЭ. Госпад жа вечна трывае, прыгатаваў Ён на суд пасад Свой.
Але СПАДАР на векі сядзіць, Ён устанавіў да суду пасад Свой,
І Сам будзе судзіць увесь свет па праўдзе, судзіць будзе народы паводле справядлівасці.
І Ён судзе сьвет у справядлівасьці, судзе люды ў шчырасьці.
ВАЎ. І будзе Госпад прыстанішчам для прыгнеценага, прыстанішчам у час тугі, у трывозе.
І будзе СПАДАР уцёкам уцісьненаму, у поры ўціску.
І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што спазналі імя Тваё, бо Ты не пакінуў тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.
І будуць спадзявацца на Цябе знаючыя імя Твае, бо Ты не пакідаеш шукаючых Цябе, СПАДАРУ.
ДЗАЙН. Спявайце псальмы Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце пра дзейнасць Яго між паганаў.
Пейце СПАДАРУ, на Сыёне жывучаму, азнаймляйце меж людаў учынкі Ягоныя;
Бо Той, Хто спаганяе за кроў, успомніў пра іх, не забыўся на плач убогіх.
Бо Ён імсьціць за кроў, помны, не забываецца галашэньня ўцісьненых.
ГЭТ. Злітуйся нада мной, Госпадзе, паглядзі на прыгнёт мой ад ворагаў маіх, — Ты ўзносіш мяне ад брамы смерці,
Зьмілуйся над імною. СПАДАРУ! глянь на цярпеньні мае ад ненавідзячых мяне, Ты, Каторы ўзьнімаеш мяне ад брамаў сьмерці,
ТЭТ. каб абвясціў я ўсю хвалу Тваю пры браме дачкі Сіёна, каб радаваўся з дапамогі Тваёй.
Каб я вылічыў усі хвалы Твае ў брамах дачкі Сыёну; буду цешыцца ў спасеньню Тваім.
Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі, у пастцы, што схавалі, заблыталася нага іх саміх.
Занурыліся народы ў яму, каторую выкапалі; у сець тую, што схавалі яны, лучыла нага іхная.
Госпад даў спазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся грэшнік.
СПАДАР пазнаны. Ён учыніў суд; у работу рук сваіх заблытаўся нягодны. Размышленьне. Сэля.
ЁД. Няхай сыдуць грэшнікі ў пекла, усе пагане, што на Бога забываюцца.
Зьвернуцца нягодныя да шэолю, усі народы, што забываюцца Бога;
КАФ. Бо не да канца будзе забыты ўбогі; спадзяванне ўбогага не згіне ў вечнасці.
Бо не назаўсёды забыты будзе ўбогі, і надзея бедных не загіне на векі.
Уздыміся, Госпадзе, хай не ўзвышаецца чалавек; хай будуць суджаны пагане перад абліччам Тваім.
Паўстань, СПАДАРУ! няхай ня дужэе людзіна, няхай народы правуюцца перад відам Тваім.
Пастаў, Госпадзе, жах над імі, хай ведаюць пагане, што яны — людзі.
Напусьці, СПАДАРУ, страх на іх; хай знаюць народы, што яны людзі. Сэля.