Псалтыр 65 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Песня.
Кіраўніку хору. Псальма Давідава. Песьня.
Божа, Ты варты гімна на Сіёне; і перад Табой хай споўніцца абяцанне ў Ерузаліме.
Табе ціхая хвала, Божа, на Сыёне, і Табе будуць паўніць абятніцы;
Ты выслухоўваеш малітвы; да Цябе прыходзіць кожнае цела з-за грахоў,
Ты, Каторы чуеш малітвы, да Цябе прыйдзе кажнае цела.
і нават пры цяжары бязвер’я нашага Ты спагадаеш нам.
Бяспраўныя ўчынкі здолелі мяне, — выступы нашы Ты выбачаеш.
Шчасны той, каго Ты абярэш і прымеш; будзе жыць ён у палацах Тваіх. Мы напоўнімся дабротамі дому Твайго, святасцю святыні Тваёй.
Шчасьлівы, каго Ты абіраеш а бліжыш, будзе перабываць на панадворках Тваіх. Насыцімся дабром дому Твайго, сьвятой сьвятыняю Тваёй.
Дзівосным чынам у справядлівасці Ты пачуеш нас, Божа збаўлення нашага, надзея ўсіх канцоў зямлі і далёкага мора.
Страшнымі рэчмі справядлівасьці Ты адказуеш нам, Божа спасеньня нашага, надзея ўсіх далёкіх канцоў зямлі й мора,
Ты — што ўмацоўваеш горы магуццем Тваім, апярэзаны сілаю.
Каторы сілаю Сваёю ўтрываліў горы, паперазаны магутнасьцяй;
Ты — што глушыш шум мора, шум хваль яго і бунт народаў.
Каторы ўцішаеш шум мораў, шум хваляў іх, замятню людаў!
І будуць баяцца тыя, што насяляюць межы зямлі, знакаў Тваіх; ускрайкі ўсходу і захаду Ты пацешыш.
І будуць баяцца знакоў Тваіх жыхары ўсіх канцоў. Ты прычыняеш, што наставаньні раніцы й вечара пяюць.
Наведаў Ты зямлю і навадніў яе, узбагаціў Ты яе разнастайна. Ручай Бога поўны водамі; уладкаваў Ты хлеб іх, бо так уладкаваў Ты яе.
Давядаешся да зямлі й навадняеш яе, вельмі багаціш яе. Цурэй СПАДАРОЎ поўны вады. Ты гатуеш збожжа ім, бо Ты так уладзіў яе;
Ты — што барозны яе вадою поіш, Ты — што глебу яе раўняеш; Ты змягчаеш яе дажджамі, дабраслаўляеш яе пладамі.
Поіш барозны яе, раўнуеш ськібы яе, дажджавымі каплямі зьмякчаеш яе і рост яе дабраславіш.
Ты ўвянчаў год дабром Тваім, і сляды Твае будуць струменіцца тлушчам.
Ты карануеш год дабрынёю Сваёю, сьцежкі Твае точаць тук,
Будуць струменіцца пустынныя выганы, і ўзгоркі апяражуцца радасцю.
Точаць на пасьце пустыні; узгоркі папяразуюцца радасьцяй,
Лугі апрануліся ў авечак, і лагчыны напоўняцца хлебам; будуць усклікаць яны і гімн [Табе] заспяваюць.
Сенажаці адзяюцца стадамі, даліны пакрываюцца збожжам; гукаюць а пяюць з радасьці.