Псалтыр 30 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Псальм. Песня на ўрачыстасць пасвячэння святыні. Давідаў.
 
Псальма Давідава, песьня пасьвячэньня дому.

Буду ўзвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты выцягнуў мяне і не даў ворагам маім пацяшацца з мяне.
 
Я вывышу Цябе, СПАДАРУ, бо Ты выцягнуў мяне й ня даў злосьнікам маім цешыцца зь мяне.

Госпадзе, Божа мой, я ўсклікаў да Цябе, і Ты аздаравіў мяне.
 
СПАДАРУ, Божа мой, я гукаў да Цябе, і Ты ўздаравіў мяне.

Госпадзе, Ты вывеў з пекла душу маю, ажывіў мяне, каб не сышоў я ў магілу.
 
СПАДАРУ, Ты вывеў із шэолю душу маю, ажывіў мяне з памеж зыходзячых да долу.

Спявайце псальмы Госпаду, святыя Яго, і падзяку складайце на ўспамін святасці Яго,
 
Пейце хвалы СПАДАРУ, дабрачэсьлівыя Ягоныя, і слаўце памятку сьвятасьці Ягонае.

бо гнеў Яго — на імгненне, і жыццё — у зычлівасці Яго. Увечары трывае плач, а на золаку — радасць.
 
Гнеў — часіна ў Яго, а зычлівасьць — жыцьцё ў Яго. Увечары трывае плач, але нараніцы — пяцьцё.

А я сказаў у бестурботнасці маёй: «Не пахіснуся навек».
 
А я сказаў у дабрабыце сваім: «Не пахіснуся на векі».

Госпадзе, у зычлівасці Тваёй Ты аздобіў цнотай мяне, Ты схаваў аблічча Тваё, і я ўстрывожыўся.
 
СПАДАРУ, у зычлівасьці Сваёй Ты пастанавіў гару маю, як горад. Ты схаваў від Свой, і я затрывожыўся.

Да Цябе я, Госпадзе, клікаў і да Бога майго звяртаўся.
 
Цябе, СПАДАРУ, гукаў я і да СПАДАРА чыніў маленьне:

Што за карысць з крыві маёй ды ад сыходу майго ў парахненне? Ці ж пыл будзе вызнаваць Цябе, ці ж будзе праўду Тваю абвяшчаць?
 
«Што за карысьць у крыві маёй, калі я зыйду да раскладу? ці будзе пыл хваліць Цябе? будзе абяшчаць праўду Тваю?

Пачуў Госпад і злітаваўся нада мною, Госпад стаўся памочнікам маім.
 
Пачуй, СПАДАРУ, і зьмілуйся над імною! СПАДАРУ, будзь імне памачніком!»

Ты замяніў нараканне маё ў скокі, парваў зрэб’е маё і радасцю падперазаў мяне,
 
Ты абярнуў плач мой у скокі імне; Ты зьняў зрэб’е мае і паперазаў мяне весялосьцяй,

каб спявала Табе хвала мая і не маўчала. Госпадзе, Божа мой, вечна буду праслаўляць Цябе.
 
Каб пяяла Табе чэсьць мая й не змаўкала. СПАДАРУ, Божа мой, на векі буду дзякаваць Табе.