Псалтыр 74 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?
Навука Асафова. Чаму, Божа, Ты адкінуў нас назаўсёды, закурэў гнеў Твой на авечкі пасты Твае?
Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
Успомні збор Свой, што Ты прыдбаў здаўна, пакаленьне спадку Свайго, каторае Ты адкупіў, гэту гару Сыён, ідзе Ты жыў.
Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні.
Падыймі ступы Свае да вечных разьвярненьняў: непрыяцель папсаваў усе ў сьвятыні.
Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі].
Уцісканьнікі Твае зявалі сярод месца збору Твайго; пастанавілі свае знакі на знакі.
Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары.
Ён ведамы як сякач, што ўзьнімае сякіры на гушчар дзерваў.
Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі.
А цяпер рэзьбы яе сякіркаю а кляўцом заразом разьбіваюць.
Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго;
Яны аддалі сьвятыню Тваю цяплу; аж да далоўя збудзенілі гасподу імені Твайго.
прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі.
Казалі ў сэрцу сваім: «Супоўна абурым іх»; папалілі ўсі месцы ўрочыстых збораў Божых у зямлі.
Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе.
Знакоў нашых мы ня бачылі, няма ўжо ніякага прарокі, і няма сярод нас ведаючага. Пакуль гэта будзе?
Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё?
Пакуль, Божа, уцісканьнік упікаць будзе? ці вораг заўсёды будзе грэбаваць імям Тваім?
Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй?
Чаму Ты адцягнуў руку Сваю а правіцу Сваю? З пасярод улоньня Свайго зьнішч іх.
Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі.
І Божа, адылі, Кароль мой здаўна, Каторы чыне спасеньне сярод зямлі!
Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах.
Ты падзяліў мора моцаю Сваёю; разьбіў галавы смокаў на водах;
Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам.
Ты зламіў галаву Левяфана й даў яго на ежу люду пустыні;
Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі.
Ты высек жарало а цурэй, Ты высушыў магучыя ручаі;
Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца.
Твой дзень і Твая таксама ноч; Ты прыгатаваў сьвятло а сонца.
Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта.
Ты ўстанавіў усі граніцы зямлі, лета й зіму Ты ўхармаваў.
Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё.
Успомні гэта, СПАДАРУ, як непрыяцель упікае, і дурны люд грэбуе імям Тваім.
Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх.
Ня выдай зьвяром душы галубы Свае, жыцьця ўбогіх Сваіх не забудзься назаўсёды.
Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту.
Зважай на змову Сваю, бо цемныя месцы зямлі напоўнены сялібамі ўсілства.
Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё.
Няхай уцісьнены не адыходзе засаромлены; няхай убогі а бедны выхваляюць імя Твае.
Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны.
Паўстань, Божа, правуйся за справу Сваю; успомні, як дурны ўпікае Табе ўвесь дзень;
Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.
Не забудзься крыку ўцісканьнікаў Сваіх, вераску паўстаючых супроці Цябе, што бязустанку падыймаецца.