Псалтыр 90 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Маленне Майсея, чалавека Божага. Госпадзе, Ты стаўся нам прыстанішчам з пакалення ў пакаленне.
 
Малітва Масея, чалавека Божага. Спадару, Ты быў сялібаю нашаю з пакаленьня ў пакаленьне.

Перш чым паўсталі горы і нарадзілася зямля і сусвет, і спакон вякоў, і на век Ты — Бог.
 
Уперад, чымся горы нарадзіліся, і ўхармаваў зямлю а сьвет, і ад веку да веку Ты — Бог.

Ты вяртаеш чалавека ў парахно і Ты сказаў: «Сыны чалавечыя, вярніцеся».
 
Ты зварачаеш людзіну аж да зьмяжджуленьня і кажаш: «Зьвярніцеся, сынове людзкія!»

Бо тысяча гадоў перад вачамі Тваімі, як учарашні дзень, які прамінуў, і начная варта.
 
Бо тысяча год у ваччу Тваім, як дзень учорашні, як ён мінуў, і як старожа ночная.

Ты аддаляеш іх, і стануць яны сном:
 
Ты зносіш іх цур’ём; яны, як сон; нараніцы яны, як трава, што мяняецца;

зранку — як трава, што прабіваецца, зранку цвіце і вырастае, вечарам вяне і ссыхае.
 
Нараніцы яна квіціць а мяняецца, а ўвечары падцінаецца а ссыхае.

Бо мы марнеем ад гневу Твайго і ў абурэнні Тваім стурбаваліся.
 
Бо мы зьнішчэлі ад гневу Твайго, але, палкім гневам Тваім мы спалоханы.

Ты паставіў несправядлівасці нашыя перад вачамі Тваімі, цёмныя справы нашыя — у святле аблічча Твайго.
 
Ты палажыў бяспраўі нашы перад Сабою, патайныя нашы на сьвятліню віду Свайго.

Бо ўсе нашы дні прамінаюць у гневе Тваім, спыняюцца гады нашыя, быццам дыханне.
 
Бо ўсі дні нашы мінулі ў вабурэньню Тваім, мы каратаем гады свае, як уздых.

Колькасць нашых гадоў — семдзесят або, у здароўі, восемдзесят, а большая частка іх — праца і марнасць, бо хутка праходзяць, а мы адлятаем.
 
Дзён год нашых — у іх семдзясят год, а калі вялікая крапчыня — асьмідзясят; іх гордасьць, адылі — гарапашнасьць а немарасьць, бо яны ўборзьдзе бываюць адцяты, і мы адлятаем.

Хто зразумеў вялікасць Твайго гневу і сілу абурэння Твайго?
 
Хто ведае сілу гневу Твайго і подле страху Твайго абурэньне Твае?

Навучы нас лічыць дні нашы так, каб прывялі мы сэрца да мудрасці.
 
Лічыць дні нашы так наўчы нас, каб прыдбаць сэрца мудрае.

Павярніся, Госпадзе, дакуль жа яшчэ? І будзь жа спагадны для сваіх паслугачоў.
 
Абярніся, СПАДАРУ! Пакуль? пажалей слугаў Сваіх.

Напоўні нас уранку міласэрнасцю Тваёй, і мы ўзрадуемся і пацешымся праз усе дні нашы.
 
Насыць нас нараніцы ласкаю Сваёю, каб мы пяялі а весяліліся ўсі дні нашы.

Павесялі нас за тыя дні, у якія прыніжаў нас, за гады, калі мы бачылі ліха.
 
Разьвесялі нас подле дзён, у каторых немарасьціў нас, год, у каторых мы бачылі ліха.

Хай адкрыецца слугам Тваім учынак Твой, а аздоба Твая — сынам іх.
 
Няхай зьявіцца слугам Тваім справа Твая і пазор Твой сыном іхным;

Хай будзе велічнасць Госпада Бога нашага над намі, і справы рук нашых умацуй над намі, і справу рук нашых умацуй.
 
Няхай прыемнасьць Спадара, Бога нашага, будзе ў нас, і справу рук нашых пацьвярдзі нам, і справу рук нашых пацьвярдзі.