Псалтыр 135 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Алілуя. Хваліце імя Госпада, хваліце, слугі Госпадавы,
 
Галілуя. Хваліце імя СПАДАРОВА, хваліце, слугі СПАДАРОВЫ,

вы, што стаіце ў доме Госпадавым, на дзядзінцы дому Бога нашага.
 
У доме СПАДАРОВЫМ стаячыя, на панадворках дому Бога нашага.

Хваліце Госпада, бо Госпад добры; спявайце псальмы імю Яго, бо яно мілае.
 
Галілуя, бо СПАДАР добры; пяіце хвалы імені Ягонаму, бо прыемнае;

Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраэля на ўласнасць Сваю.
 
Бо Якава абраў Сабе ЯГ, Ізраеля на Сваю апрычоную собскасьць;

Бо я спазнаў, што вялікі Госпад, і Бог наш [вышэйшы] за ўсіх багоў.
 
Бо я ведаю, што вялікі СПАДАР, і Спадар наш над усімі багамі.

Усё, што толькі захоча Госпад, здзейсніць Ён на небе і на зямлі, на моры і ва ўсіх глыбінях вадзяных.
 
Усе, што хоча СПАДАР, тое робе на нябёсах і на зямлі, на морах і ў вусіх бяздоньнях.

Прыганяе хмары з канца зямлі, выклікае дождж маланкамі; выводзіць Ён вятры з клецяў Сваіх.
 
Ён прычыняе, што пары падыймаюцца ад канца зямлі, робе маланьні да дажджу, выводзе вецер із скарбніцаў Сваіх.

Ён перабіў першынцаў у Егіпце, так людзей, як і жывёлу.
 
Ён зразіў першакоў у Ягіпце, ад чалавека аж да статку.

Паказаў знакі і цуды пасярод цябе, Егіпет, для фараона і для ўсіх слуг яго.
 
Паслаў знакі а чудосы сярод цябе, Ягіпце, на Фараона а на ўсіх слугаў ягоных.

Ён перабіў многа народаў паганскіх і забіў цароў дужых:
 
Каторы зразіў шмат народаў і забіў дужых каралёў:

Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана і ўсе царствы Ханаанскія.
 
Сыгона, караля Аморэйскага, Оґа, караля Вашанскага, і ўсі каралеўствы Канаанскія;

А зямлю іх перадаў на пасяленне, на пасяленне Ізраэлю, Свайму народу.
 
І даў зямлю іхную на спадак, на спадак Ізраелю, люду Свайму.

Госпадзе, вечнае імя Тваё; памяць пра Цябе — на ўсе пакаленні.
 
Імя Твае, СПАДАРУ, на векі; памятка Твая, СПАДАРУ, ад пакаленьня аж да пакаленьня.

Бо Госпад апякуецца над народам Сваім і злітуецца над слугамі Сваімі.
 
Бо будзе судзіць СПАДАР люд Свой і над слугамі сваімі будзе меці жаласьць.

Ідалы паганаў — гэта срэбра і золата, творы рук людскіх:
 
Балваны паган срэбныя а залатыя, работа рук людзкіх.

маюць вусны, а не гавораць; маюць вочы, а не бачаць;
 
Вусны ў іх, але ня гукаюць; вочы ў іх, але ня бачаць;

маюць вушы, а не чуюць, і няма подыху ў вуснах іх.
 
Вушы ў іх, але ня ўважаюць, нават няма дыху ў ратох іхных.

Падобнымі да іх ёсць тыя, што іх робяць, кожны, што спадзяюцца на іх.
 
Падобныя да іх будуць робячыя іх, кажны, што спадзяецца на іх.

Доме Ізраэля, дабраслаўляйце Госпада; доме Аарона, дабраслаўляйце Госпада;
 
Доме Ізраеляў! дабраслаўце СПАДАРА. Доме Ааронаў! дабраслаўце СПАДАРА.

доме Леві, дабраслаўляйце Госпада; вы, што шануеце Госпада, дабраслаўляйце Госпада!
 
Доме Леваў! дабраслаўце СПАДАРА. Вы, што баіцеся СПАДАРА! Дабраслаўце СПАДАРА.

Дабраславёны Госпад з Сіёна, Які жыве ў Ерузаліме. Алілуя.
 
Дабраславёны СПАДАР із Сыёну, Каторы жывець, у Ерузаліме. Галілуя!