Псалтыр 36 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада.
Кіраўніку хору. Слугі СПАДАРОВАГА Давіда.
Нашэптвае несправядлівасць бязбожніку ў самым сэрцы яго; няма страху Божага перад вачамі яго.
Унутры сэрца майго ё слова праз выступ бязбожнага: «Няма боязьні Божае перад ачыма ягонымі».
Бо ён патурае сам сабе перад сабою, каб не шукаць несправядлівасці сваёй і каб не ненавідзець.
Бо ён падлыгуе сабе ў ваччу сваім, каб зьдзеяць бяспраўе свае аж да зьненавіджаньня яго.
Словы вуснаў яго — несправядлівасць і хітрасць, перастаў ён разумець, як чыніць дабро.
Словы вуснаў ягоных — крыўда а ашука; ён перастаў быць мудрым і рабіць дабро;
Задумаў ён несправядлівасць у пасцелі сваёй, узыходзіць на любую благую дарогу, да ліхога не адчувае нянавісці.
Крыўду ён задумляе на ложку сваім; станавіцца на дарогу благую; ліхам ня брыдзіцца.
Госпадзе, да неба міласэрнасць Твая і праўда Твая — да аблокаў;
СПАДАРУ, у нябёсах ласка Твая, вернасьць Твая да булакоў.
Справядлівасць Твая, быццам горы Божыя, суды Твае — вялізная бездань: людзей і жывёл Ты збавіш, Госпадзе.
Справядлівасьць Твая, як горы Божыя; суды Твае, як вялікая глыбіня. Чалавека а жывёлу Ты ратуеш, СПАДАРУ.
Як жа незлічона міласэрнасць Твая, Божа! Сыны ж чалавечыя будуць мець надзею пад покрывам крылаў Тваіх;
Якая дарагая ласка Твая, Божа! і сынове людзкія ў сьценю крылаў Тваіх хаваюцца;
нап’юцца яны дастаткам дому Твайго і поіш Ты іх струменем асалоды Тваёй.
Яны поўняцца тукам дому Твайго, і з цур’я раскошаў Сваіх Ты даеш ім піць;
Бо ў Цябе крыніца жыцця, ды ў Тваім святле ўбачым мы святло.
Бо ў Цябе жарало жыцьця; у сьвятліні Тваёй мы бачым сьвятліню.
Пашыр міласэрнасць Тваю на тых, што ведаюць Цябе, і справядлівасць Тваю — на тых, што простыя сэрцам.
Прасьцягні ласку Сваю тым, што знаюць Цябе, і справядлівасьць Сваю пасьцівым сэрцам!
Хай не топча мяне нага пыхлівага і рука грэшніка хай не дакранаецца мяне.
Не прывядзі мяне пад нагу пыхатага, і рука нягоднага хай ня прысіле мяне да туляньня.
Вось жа паваліліся тыя, што чыняць несправядлівасць, — выгналі іх, і не змогуць яны падняцца.
Там паваленыя ліхадзеі, яны кіненыя, ня могуць устаць.