Псалтыр 46 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Паводле «Аламот...» Песня.
 
Хору. Сыноў Корыных. Подле Аламоф. Песьня.

Бог — наша прыстанішча і магуцце, хуткі памочнік у нягодах.
 
Бог нам ахарона а сіла, помач у гаротах, вельма адзержаваная.

Таму не пабаімся, калі б зямля захісталася і горы перанесліся ў сэрца мора.
 
Затым не баімся, хоць бы адмянілася зямля, і крануліся горы да сэрца мораў.

Хай шумяць і ўздымаюцца яго воды, дрыжаць горы, здрыгануцца горы ў хваляванні Яго.
 
Шумяць, муцяцца воды Ягоныя, хай дрыжаць горы ад вялічча Ягонага. Сэля.

Воды ракі радуюць горад Божы, святы прыпынак Найвышэйшага.
 
Рэчныя плыні вяселяць места Божае, сьвятую сялібу Навышняга.

Бог знаходзіцца ў ім, і ён не пахіснецца. Бог дапаможа яму на світанні.
 
Бог пасярод яе, яна не пахісьнецца: паможа ёй Бог золкам.

Узбурыліся народы, захісталіся царствы; падаў Ён голас Свой — расцяклася зямля.
 
Шумяць народы, захісталіся гаспадарствы: Ён выдаў голас Свой, зямля тае.

Госпад магуццяў з намі, прыстанішча наша — Бог Якубаў.
 
СПАДАР войскаў із намі, Бог Якаваў горад нам. Сэля.

Прыходзьце і пабачце справы Божыя, якія дзівосы чыніць Ён на зямлі.
 
Прыходзьце, аглядайце справы СПАДАРОВЫ, якія Ён учыніў спустошаньні на зямлі,

Ён спыняе войны аж па край зямлі. Ён трэ лукі і ламае зброю, а шчыты паліць агнём.
 
Суймае войны да канца зямлі, ломе лук і трысьце дзіду, пале цялежкі цяплом.

Спачніце і паглядзіце, што Я — Бог: буду ўзнесены Я між народамі і буду ўзнесены Я на зямлі.
 
«Паквольце й ведайце, што Я Бог. Я ўзьвялічаны меж народаў, Я ўзьвялічаны на зямлі!»

Госпад магуццяў з намі, прыстанішча наша — Бог Якубаў.
 
СПАДАР войскаў із намі, Бог Якаваў горад нам. Сэля.