Псалтыр 59 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам. Калі Саўл паслаў мужоў, каб сцерагчы дом і забіць яго.
Кіраўніку хору. Подле «Не загубі». Пісань Давідава, калі Саўла быў паслаўшы, і сьцераглі дом ягоны, каб забіць яго.
Уратуй мяне, Божа мой, ад непрыяцеляў маіх і ад тых, што паўстаюць на мяне, абарані мяне.
Вывальні мяне ад варагоў маіх, Божа мой; ад паўстаючых на мяне пастаў мяне высака;
Уратуй мяне ад тых, што чыняць несправядлівасць, і ад мужоў, крывёю спэцканых, збаў мяне.
Вывальні мяне ад ліхадзеяў; ад прагавітых крыві ўратуй мяне.
Бо вось, паставілі пастку на душу маю, кідаюцца на мяне моцныя.
Вось, яны цікуюць на душу маю; зьбіраюцца на мяне дужыя, не за выступ а не за грэх мой, СПАДАРУ;
Ані злачынства, ані граху на мне няма, Госпадзе; без правіннасці маёй налятаюць і рыхтуюцца [да нападу]. Прабудзіся, выйдзі мне насустрач і паглядзі.
Не за віну маю яны бягуць і гатуюцца. Ушчоль наўпярэймы імне й глянь!
І Ты, Госпадзе Божа магуццяў, Бог Ізраэля, абудзіся, каб наведаць усе народы; не будзь літасцівы да ўсіх, што ўчыняюць па-здрадніцку.
Ты, СПАДАРУ, Божа войскаў, Божа Ізраеляў, прачхніся даведацца да ўсіх народаў; ня зьмілуйся над ніякімі бяспраўнымі ізраднікамі. Сэля.
Яны вяртаюцца ўвечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад.
Зварачаюцца ўвечары, бурчаць, як сабакі, і кружыняюць навокал места.
Вось, яны выпусцяць голас з вуснаў сваіх, і меч — у вуснах іх: «Хто, — маўляў, — нас пачуе?»
Там яны зяваюць ратамі сваімі, і мячы ў вуснах іхных, — бо: «Хто пачуе?»
Але Ты, Госпадзе, пасмяешся з іх; учыніш ганьбу ўсім народам.
Але Ты, СПАДАРУ, пасьмяешся зь іх, пасьмяешся з усіх народаў.
Цвярдыня мая, на Цябе зважаю, бо Ты, Божа, — абарона мая.
З прычыны сілы ягонае я буду зважаць на Цябе, бо Бог горад мой.
Бог мой, міласэрнасць Яго апярэдзіць мяне. Бог учыніць, што буду я з пагардаю глядзець на непрыяцеляў маіх.
Бог мой у Сваёй ласцы пярэйме мяне; Бог дасьць імне глядзець на непрыяцеляў маіх.
Не забівай іх, каб ніколі не забыўся народ мой; расцерушы іх магуццем Тваім і зруйнуй іх, Госпадзе, абаронца мой!
Не забі іх, каб не забыўся люд мой; пахісьні іх сілаю Сваёю і ськінь іх, Спадару, абароньніча наш!
Грэх вуснаў іх — слова саміх вуснаў, няхай заблытаюцца яны ў пыхлівасці сваёй. З-за праклёну і хлусні, якія прамаўляюць яны.
Грэх роту іхнага — словы вуснаў іхных; і будуць злоўлены ў гордасьці сваёй, бо праклён а ману яны павядаюць.
вынішчы іх у гневе, вынішчы, і не будзе іх; і хай ведаюць, што Бог будзе валадарыць над Якубам да ўскрайкаў зямлі.
Зьнішч іх у гневе, зьнішч, каб іх ня было, і будуць ведаць, што Бог радзе ў Якаву аж да канцоў зямлі. Сэля.
Яны вяртаюцца увечары, і брэшуць, як сабакі, і абягаюць наўкол горад.
І зварачаюцца ўвечары, бурчаць, як сабакі, і кружыняюць навокал места.
Бадзяюцца яны ў пошуках пажывы; калі ж яны не насыцяцца, дык выюць.
Яны валочацца ежы; калі не пад’ядуць, то наракаюць.
А я вось буду спяваць пра Тваю магутнасць і ад рання радавацца Тваёй міласэрнасці, бо стаўся Ты мне абаронай і прыстанішчам у дзень бяды маёй.
Але я буду апяваць магутнасьць Тваю, я буду голасна апяваць нараніцы ласку Тваю; бо Ты быў імне высокім горадам а ўцёкам у дні атугі мае.
Цвярдыня мая, Табе буду псальмы спяваць, бо Ты, Божа, — абарона мая, Бог мой, міласэрнасць мая.
Сіла мая! Я буду пяваць Табе, бо Ты, Божа, высокі горад мой, Бог ласкі мае.