Псалтыр 17 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Маленне Давіда. Выслухай, Госпадзе, апраўданне маё, зваж на маленне маё. Прыхілі вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў неліслівых.
Малітва Давідава. Пачуй, СПАДАРУ, справядлівасьць, уважай на галашэньне мае, нахіні вуха на маленьне мае з вуснаў нехвальшывых!
Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае хай убачаць, што справядліва.
Ад відзеньня Твайго хай выйдзе суд мой! Вочы Твае бачаць шчырасьць.
Выпрабуй сэрца маё і наведай ноччу [мяне]; агнём паспытай мяне, — і не знойдзеш беззаконня ўва мне.
Ты спрабаваў сэрца мае, даведаўся да мяне ночы, пералітаваў мяне; Ты нічога не знайшоў; думка мая, каб вусны мае не грашылі.
Не прыляпляюцца вусны мае да спраў чалавечых, паводле слоў вуснаў Тваіх я захаваў сябе ад шляхоў гвалтаўніка.
Што да справаў людзкіх, то подле слоў вуснаў Тваіх, я сьцярогся сьцежак згубцы.
Утрымай крокі мае на сцяжынах Тваіх, каб не хісталіся стопы мае.
Пасілі хадню маю на сьцежках Сваіх, хай ня хістаюцца сігні мае.
Да Цябе клічу, бо Ты, Божа, выслухоўваеш мяне; нахілі да мяне вуха Тваё і выслухай словы мае.
Я гукаў да Цябе, бо Ты адкажаш імне, Божа; нахіні вуха Свае да мяне, пачуй гутарку маю.
З’яві цудоўна міласэрнасць Тваю, Ты, Які ратуеш ад ворагаў тых, што на правіцу Тваю спадзяюцца.
Дзіўна пакажы ласку Сваю, Спасе тых, што ад непрыяцеляў сваіх шукаюць абароны ў правіцы Тваёй.
Сцеражы мяне, як зрэнку вока, у засені крылаў Тваіх захавай мяне
Крый мяне, як зрэнка вока; сьценям крылаў Сваіх закрый мяне.
ад аблічча нягоднікаў, якія ўціскаюць мяне. Ворагі мае ў лютасці акружылі мяне,
Ад бязбожных, што глабаюць мяне, ад непрыяцеляў, што заўзята абступаюць мяне.
замкнулі [сэрцы] у тлустасці сваёй; вусны іх прамаўляюць напышліва.
Тук іхны закрыў іх, вуснамі сваімі яны гукаюць пыхата.
Наступаючы цяпер, яны акружылі мяне, вочы свае ўтаропілі, каб паваліць на зямлю мяне,
Нашы ступы цяпер яны аступілі; уталопілі вочы свае, ськінуць нас на зямлю.
выгляд іх — быццам у льва, які гатовы да ловаў, і быццам у львяняці, які сядзіць у засадзе.
Ён падобны да лява, што жадае ірваць, і да левяняці, што сядзіць у схаваным месцу.
Устань, Госпадзе, апярэдзь іх, перапыні іх, выратуй душу маю ад рук нягодніка мечам Тваім,
Паўстань, СПАДАРУ, пераймі відзеньне яго, прычыні, каб укляк ён! Вывальні душу маю ад бязбожнага мячом Сваім,
ад [людзей] смяротных рукой Тваёй, Госпадзе; ад [людзей] смяротных, доля жыцця якіх змарнела. Са сховішчаў Тваіх напаўняеш жывот іх, насычаюцца сыны і пакідаюць рэшткі дзецям сваім.
Ад сьмяротных рукою Сваёй, СПАДАРУ, ад сьмяротных гэтага сьвету. Дзель іх у гэтым жыццю, жывот іхны Ты ізь сьвірна Свайго напаўняеш. Яны насыцілі дзеці і лішніцу пакідаюць дзецянятам сваім.
А я ў справядлівасці буду бачыць твар Твой, калі абуджуся ад сну, насычуся абліччам Тваім.
Я ў справядлівасьці буду аглядаць відзеньне Твае, буду сыціцца, прачыхаючыся, абразом Тваім.