Псалтыр 17 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Маленне Давіда. Выслухай, Госпадзе, апраўданне маё, зваж на маленне маё. Прыхілі вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў неліслівых.
 
Малітва Давіда.(а) Выслухай, Госпадзе, справядлівую справу, зваж на мой кліч! Прыймі маю просьбу із вуснаў не фальшывых.

Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае хай убачаць, што справядліва.
 
Ад тваго аблічча няхай выйдзе прысуд мой: вочы твае бачаць справядлівае.

Выпрабуй сэрца маё і наведай ноччу [мяне]; агнём паспытай мяне, — і не знойдзеш беззаконня ўва мне.
 
Ты пробуеш маё сэрца, уначы наведваеш мяне і пазнаеш мяне, не знаходзіш у мяне нічога і вусны мае не грашаць,

Не прыляпляюцца вусны мае да спраў чалавечых, паводле слоў вуснаў Тваіх я захаваў сябе ад шляхоў гвалтаўніка.
 
як гэта бывае ў людзей. — Паводле слоў вуснаў тваіх я сьцярог дарогаў права.

Утрымай крокі мае на сцяжынах Тваіх, каб не хісталіся стопы мае.
 
Мае крокі трымаліся сьцежак тваіх, каб не захісталіся ногі мае.

Да Цябе клічу, бо Ты, Божа, выслухоўваеш мяне; нахілі да мяне вуха Тваё і выслухай словы мае.
 
Я перад табою, Божа, — да Цябе гукаю: Ты слухаеш мяне. Прыхілі да мяне вуха тваё і пачуй словы мае.

З’яві цудоўна міласэрнасць Тваю, Ты, Які ратуеш ад ворагаў тых, што на правіцу Тваю спадзяюцца.
 
Пакажы дзіўную ласку тваю, Збаўца тых, што шукаюць абароны ад праціўнікаў правіцы тваей.

Сцеражы мяне, як зрэнку вока, у засені крылаў Тваіх захавай мяне
 
Захавай мяне як зрэнка вока: укрый мяне ў ценю крыльляў тваіх!

ад аблічча нягоднікаў, якія ўціскаюць мяне. Ворагі мае ў лютасці акружылі мяне,
 
Ад нягоднікаў, што гвалт чынілі нада мною, — ад ворагаў, што заядла абступаюць мяне.

замкнулі [сэрцы] у тлустасці сваёй; вусны іх прамаўляюць напышліва.
 
Хаваюцца ў сытасьці сваей, адзываюцца грубіянска вуснамі сваімі.

Наступаючы цяпер, яны акружылі мяне, вочы свае ўтаропілі, каб паваліць на зямлю мяне,
 
На кожным кроку абступаюць мяне цяпер: вочы свае напружаюць, каб мяне кінуць на зямлю.

выгляд іх — быццам у льва, які гатовы да ловаў, і быццам у львяняці, які сядзіць у засадзе.
 
Яны падобныя на льва, што цікуе на здабычу і да львянятка, што сядзіць у засадзе.

Устань, Госпадзе, апярэдзь іх, перапыні іх, выратуй душу маю ад рук нягодніка мечам Тваім,
 
Паўстань, Госпадзе! Выйдзі супраць яго, павалі яго (ворага): тваім мячом ратуй жыццё маё ад нягодніка!

ад [людзей] смяротных рукой Тваёй, Госпадзе; ад [людзей] смяротных, доля жыцця якіх змарнела. Са сховішчаў Тваіх напаўняеш жывот іх, насычаюцца сыны і пакідаюць рэшткі дзецям сваім.
 
Рукой тваею (ратуй) ад людзей, Госпадзе, — ад людзей гэтага сьвету, якія ў гэтым сьвеце надзею пакладаюць, якіх чэрава Ты напаўняеш сваім дастаткам, а іх сыны наядаюцца і лішак кідаюць сваей дзетварэ.

А я ў справядлівасці буду бачыць твар Твой, калі абуджуся ад сну, насычуся абліччам Тваім.
 
А я ў справядлівасьці ўбачу тваё аблічча: збудзіўшыся буду насычацца тваім абразом.