Псалтыр 145 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Хваленні. Давіда. АЛЕФ. Буду ўзвышаць Цябе, Божа мой, Валадару, і дабраслаўлю імя Тваё вечна і на векі вечныя.
Гымн (песьня хвалебная) Давіда. Алеф. Вывышшаю Цябе, Цару мой і Божа і багаслаўлю Імя тваё заўсёды і навекі.
БЭТ. Кожны дзень буду дабраслаўляць Цябе і хваліць імя Тваё вечна і ў векі вечныя.
Бэт. Багаслаўляць Цябе жадаю што-дня і хваліць Імя тваё буду заўсёды і навекі.
ГІМЭЛЬ. Вялікі Госпад і вельмі варты хвалы, і няма спасціжэння велічы Яго.
Гімэль. Вялікі ёсьць Госпад і годны вялікай хвалы і веліч Яго — недасяжная.
ДАЛЕТ. Пакаленне пакаленню хваліць справы Твае, і апавяшчае моц Тваю.
Далет. Няхай род роду хваліць творы твае і абвяшчае магутнасьць тваю.
ГЭ. Гавораць пра ўзвышнасць славы велічнасці Тваёй і абвяшчаюць цуды Твае.
Гэ. Аб велічы сьветлае славы тваей няхай успамінаюць (я ўспамінаю апавяданьне аб цудах тваіх).
ВАЎ. І кажуць пра магуцце пострахаў Тваіх і расказваюць пра вялікасць Тваю.
Ваў. Будуць гаварыць аб магутнасьці страшных дзеяньняў тваіх, і я буду абвяшчаць аб тваей велічы.
ДЗАЙН. Успаміны пра невычэрпнасць лагоднасці Тваёй будуць разносіць і справядлівасці Тваёй узрадуюцца.
Заін. Будуць абвяшчаць успаміны аб бязьмернай дабраце тваей і выслаўляць справядлівасьць тваю.
ГЭТ. Літасцівы і спагадны Госпад, доўгацярплівы і вялікай міласэрнасці.
Гэт. Госпад ёсьць ласкавы і міласэрны, няскоры да гневу і поўны любові.
ТЭТ. Ласкавы Госпад да ўсіх, і літасць Яго — над усімі справамі Яго.
Тэт. Госпад — добры для ўсіх, а міласэрдзе ягонае над усе ягоныя справы.
ЁД. Хай вызнаюць Цябе, Госпадзе, усе тварэнні Твае; і святыя Твае дабраслаўляць будуць Цябе.
Іод. Няхай дзякуюць Табе, Госпадзе, усе твае творы і твае прыяцелі няхай багаславяць Цябе!
КАФ. Хай кажуць пра славу Валадарства Твайго і хай гавораць пра моц Тваю,
Каф. Няхай апавядаюць аб славе Валадарства твайго і магутнасьць яго абвяшчаюць! —
ЛЯМЭД. каб даць спазнаць сынам чалавечым моц Тваю і славу велічнасці Валадарства Твайго.
Лямэд. Каб даць вестку людзям пра тваю магутнасьць і пра бляск славы твайго валадарства.
НУН. Верны Госпад ва ўсіх словах Сваіх і святы ва ўсіх справах Сваіх.
Мэм. Царства тваё — царства ўсіх вякоў і валадарства тваё над усімі радамі. (Нун). Верны ёсьць Госпад у-ва ўсіх сваіх словах, Ён ёсьць любоў у-ва ўсіх сваіх творах.
САМЭК. Госпад падымае ўсіх, што падаюць, і падтрымлівае ўсіх зняможаных.
Самэх. Госпад падтрымлівае усіх тых, хто ўпадзе і падыймае усіх тых, што былі прыгнутыя.
АІН. Вочы ўсіх з надзеяй глядзяць на Цябе, і Ты дасі ім ежу ў час належны.
Аін. Вочы ўсіх на Цябе, яны маюць надзею: Ты даеш ім ежу ў сваім часе.
ФЭ. Ты адкрываеш руку Тваю і напаўняеш кожную жывёлу.
Фэ. Ты расчыняеш руку тваю і усё жывое насычаеш для задавальненьня (?)
САДЭ. Госпад справядлівы на ўсіх дарогах Сваіх і святы ва ўсіх справах Сваіх.
Садэ. Справядлівы Госпад на ўсіх шляхох сваіх; Ён ёсьць любоў у-ва ўсіх справах сваіх.
КОФ. Госпад блізкі тым, што прызываюць Яго, усім, якія прызываюць Яго ў праўдзе.
Коф. Госпад ёсьць блізка да ўсіх, што Яго прызываюць; да ўсіх, што Яго шчыра клічуць.
РЭС. Спаўняе ён просьбу тых, што шануюць Яго, і пачуе іх кліканне, і збавіць іх.
Рэш. Ён спаўняе ўпадабаньне тых, што Яго баяцца і чуе іх голас і збаўляе іх.
СІН. Госпад апякуецца над усімі, хто любіць Яго, а ўсіх грэшнікаў нішчыць.
Шын. Госпад сьцеражэ ўсіх тых, якія любяць Яго, а ўсіх бязбожных Ён выгубіць.
ТАЎ. Хай хваляць Госпада вусны мае, і хай усякае стварэнне дабраслаўляе святое імя Яго ў векі вечныя.
Таў. Няхай мае вусны галосяць хвалу Гасподнюю і ўсякае цела хай багаславіць Яго сьвятое Імя, заўсёды і навекі!