Псалтыр 89 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Паэма. Этана Эзрахіта.
 
Паэма — навука

Міласэрнасць Госпада вечна буду апяваць, з пакалення ў пакаленне абвяшчаць буду праўду Тваю вуснамі маімі.
 
Любоў Госпада выслаўляю навекі; з роду-ў-род абвяшчаць вуснамі маімі праўду тваю.

Бо Ты сказаў: навечна збудавана міласэрнасць, у нябёсах зацвярдзіў Ты вернасць Тваю.
 
Бо я кажу: “Любоў заснована навекі, і на нябёсах Ты узгрунтаваў праўду сваю.

Пастанавіў Ты запавет выбранніку Твайму, прысягнуў Давіду, слузе Твайму:
 
Я ўвайшоў у саюз з выбранцам маім; Я пакляўся Давіду, слузе майму:

«Навечна зацверджу Я патомства Тваё і збудую сталец Твой з пакалення ў пакаленне».
 
Навек забяспечу тваё патомства, будую табе пасад із роду-ў-род.

Нябёсы будуць вызнаваць цуды Твае, Госпадзе, і праўду Тваю на сходзе святых.
 
Нябёсы славяць цуды твае, Госпадзе, і вернасьць тваю у грамадзе сьвятых.

Бо хто на воблаках зраўняецца з Госпадам, хто стане падобны Госпаду паміж сыноў Божых?
 
Бо хто роўны Госпаду у аблоках, хто зраўнуецца з Госпадам сярод сыноў Божых?

Бог, годны ўшанавання на нарадзе святых, вялікі і жахлівы Ён над усімі, хто навокал Яго.
 
Бог ёсьць жахлівы ў грамадзе сьвятых, вялікі і страшны для усіх, што Яго акружаюць.

Госпадзе, Божа магуццяў, хто падобны да Цябе? Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая — навокал Цябе.
 
Госпадзі, Божа Сілаў! Хто Табе роўны? Ты, Госпадзе, магутны І вернасьць твая — навакол Цябе.

Ты валодаеш гордым морам, Ты суцішваеш узбураныя хвалі яго.
 
Ты пануеш над гордасьцяй мора, калі хвалі яго ўздымаюцца, ты іх сьцішаеш.

Ты стаптаў прабітага Рагаба, рукою магутнай Тваёю разагнаў непрыяцеляў Тваіх.
 
Ты растаптаў прыбітага Рагаба, быццам забітага; моцнай рукой сваей ты праціўнікаў сваіх разагнаў.

Твае нябёсы і Твая зямля, Ты заснаваў сусвет і ўсё, што яго напаўняе.
 
Тваё ёсьць неба і твая таксама зямля; сусьвет і ўсё, што ў ім, Ты стварыў.

Ты стварыў поўнач і поўдзень, Табор і Гэрмон радуюцца з Твайго імя.
 
Поўнач і Палудзень — гэта ты іх стварыў; Табор і Гэрмон з радасьцяй Імя тваё сьпяваюць.

Ты маеш моцнае плячо, моцная Твая правіца ўзнята.
 
Плячо тваё — поўнае сілы; рука твая — магутна, высака ўзнята правіца твая!

Падмурак пасада Твайго — справядлівасць і закон. Міласэрнасць і праўда крочаць перад абліччам Тваім.
 
Справядлівасьць і права ёсьць апорай пасаду твайго; любоў і вернасьць ідуць прад абліччам тваім

Шчасны той народ, што ведае кліч радасці. Ходзяць яны, Госпадзе, у святле аблічча Твайго.
 
Шчасьлівы народ, які ведае кліч трубны твой, Госпадзе, у сьвятле аблічча твайго будуць хадзіць.

І з імя Твайго будуць радавацца цэлы дзень, і справядлівасцю Тваёй будуць узвышаны.
 
У Імяні тваім яны весяляцца кажны дзень і у тваей спр-сьці узвышаюцца.

Бо Ты — аздоба магуцця іх; і ў спагаднасці Тваёй узвысіцца рог наш.
 
Бо Ты ёсьць блеск іхняе магутнасьці і ласкай тваей узносіцца наш рог.

Бо Госпад — шчыт наш, і ад святога Ізраэля — Валадар наш.
 
Бо ад Госпада ёсьць шчыт наш, і Ён, Сьвяты Ізраіля, ёсьць цар наш.

Калісьці ў бачанні гаварыў Ты сваім святым і сказаў: «Паклаў Я ўспамогу на моцным і ўзвысіў выбранніка з народа.
 
Калісь Ты ў зьяве казаў прыяцелям тваім: “ Я узлажыў дыядэму (карону) на асілка (волата), а узвысіў малодшага з майго народу.

Выбраў Я Давіда, слугу Свайго, намасціў Я яго святым алейкам Маім,
 
Я знайшоў Давіда, слугу майго, сьвятым маім алеем намазаў яго.

і рука Мая моцная з ім, і плячо Маё ўмацоўвае яго.
 
рука мая будзе заўсёды моцна і плячо маё яго узмацуе.

Нічога не дасягне на ім непрыяцель, і сын несправядлівасці не прыцісне яго.
 
Вораг нязможа яго ашукаці і злачынец не асіліць яго.

І знішчу перад абліччам яго непрыяцеляў яго, і тых, што ненавідзяць яго, змяту.
 
Я скрышу перад ім ягоных прыгнятацеляў і паражу ненавідзячых яго.

І праўда Мая, і міласэрнасць Мая — з ім, і ў імя Маё ўзрасце сіла яго.
 
Мая вернасьць і любоў будзе зь ім і ў маім Імяні узьнясецца рог ягоны.

І выцягну Я руку яго над морам, і над рэкамі — правіцу яго».
 
І прыцягну руку яго на мора і правіцу яго — на рэкі.

Ён пакліча мяне: «Ты — Бацька мой, Бог мой і прыстанішча збаўлення майго».
 
Ён будзе клікаць мяне: “Ты — мой айцец, мой Бог і скала майго збаўленьня.

І Я яго ўстанаўляю першародным, найвышэйшым за каралёў зямлі.
 
Гэтак зраблю яго первародным, найвышэйшым над царамі зямлі.

Навечна захаваю ласку Сваю для яго, і запавет Мой верны для яго.
 
Захаваю для яго маю любоў навекі, і мой саюз зь ім астанецца верным.

І ўстанаўлю на векі вечныя патомства яго, і пасад яго, як дні неба.
 
Назаўсёды уцьверджу ягонае патомства, і пасад ягоны — як дні неба.

Калі б сыны яго занядбалі закон Мой і не жылі паводле Маіх прыказанняў,
 
Калі-бы сыны ягоныя пакінулі мой закон і ня будуць хадзіць паводле запаведзяў маіх,

калі б зневажалі пастановы Мае і не трымаліся загадаў Маіх, —
 
Калі паганьбяць загады мае і загадаў маіх захоўваць ня будуць,

наведаю Я з палкай злачынства іх, і з бічамі — несправядлівасць іх,
 
Дык пакараю розгаю праступкі іх і ударамі іх правіну.

але міласэрнасці Маёй не адвярну ад яго і не падману ў праўдзе Маёй.
 
Але любові маей назад ад Яго не вазьму і вернасьць маю захаваю.

Не парушу запавету Майго і таго, што выходзіць з вуснаў Маіх, — не змарную.
 
Не спаганю Я саюзу майго і не зьмяню слова вуснаў маіх.

Аднойчы прысягнуў Я святасцю Маёй: не падману Давіда.
 
Раз Я пакляўся сьвятасцяй маею, ніколі не зманю Давіду.

Патомства яго будзе трываць вечна, а пасад яго на віду ў Мяне, як сонца
 
Ягонае патомства будзе навекі, і ягоны пасад, як сонца прада Мною.

і як месяц моцны, стаяць будзе вечна; і сведка верны на небе.
 
Як месяц, што трывае навекі, а сьведка у аблоку — верны.

Ты, аднак, адпіхнуў яго і адкінуў, вельмі разгневаўся на Свайго намашчэнца;
 
І ўсё-ж Ты адапхнуў і адрокся, — Ты разгневаўся на памазанца свайго!

парушыў запавет слугі Твайго, на знявагу аддаў яго вянец.
 
Ты пагардзіў запаветам (саюзам) з слугою сваім: карону яго паганьбіў і кінуў на зямлю.

Зруйнаваў Ты ўсе муры яго, у разваліны абярнуў усе яго ўмацаванні.
 
Ты збурыў усе сьцены яго, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.

Абрабавалі яго ўсе, што праходзілі дарогай, стаўся ён пасмешышчам для сваіх суседзяў.
 
Усе праходзячыя дарогаю рабавалі яго; для суседзяў ён стаўся пасьмешышчам.

Узвысіў Ты правіцу прыгнятальнікаў яго, напоўніў радасцю ўсіх яго ворагаў.
 
Ты даў перамогу правіцы уціскаючы яго, Ты дапусьціў радасьць ворагам Яго.

Ты адвёў назад лязо меча яго і не падтрымаў яго на вайне.
 
Ты назад павярнуў вастрыё ягонага мяча і не ўспамог яго ў барацьбе.

Ты паклаў канец ззянню яго, і сталец яго паваліў на зямлю.
 
Ты адабраў ад яго бляск ягоны і пасад яго паваліў на зямлю.

Скараціў Ты дні яго маладосці, пакрыў яго няславай.
 
Ты скараціў дні ягонае моладасьці, алужаў яго ганьбаю.

Як доўга, Госпадзе, ці вечна будзеш хавацца? [Як доўга,] быццам агонь, будзе палымнець Твой гнеў?
 
Дакуль-жа, Госпадзе, Ты будзеш хавацца? Ці да канца? Ці як агонь будзе палаць твой гнеў?

Памятай, якое кароткае маё жыццё. Дзеля якой марнасці стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?
 
Помні аба мне, які век мой кароткі, якімі мізэрнымі ты стварыў сыноў Адама.

Ці ёсць хто такі, хто будзе жыць і не ўбачыць смерці, хто вырве душу сваю з рукі апраметнай?
 
Хто-ж будзе жыць і не ўбачыць сьмерці? хто душу сваю вызваліць з пазуроў (сьмерці) шэолю?

Дзе ж былая міласэрнасць Твая, Госпадзе, як прысягнуў Ты Давіду ў праўдзе Тваёй?
 
Дзе ёсьць, Госпадзе, твая даўнейшая любоў? Ты кляўся Давіду вернасьцяй тваею.

Успомні, Госпадзе, знявагі Тваіх паслугачоў; я захаваў гэта ў сэрцы маім, ад усіх паганаў,
 
Прыпомні, Госпадзе, ганьбу слугу твайго, я нашу ў нутры маім ўсю варожасьць народаў,

гэтым наракалі непрыяцелі Твае, Госпадзе, гэтым наракалі яны на сляды намашчэнца, якою паганяць сляды Твайго намашчэнца.
 
Якою ворагі твае зьневажаюць, Госпадзе, — зьневажаюць сьляды памазанца твайго!

Дабраславёны Госпад навечна. Хай будзе [так], хай будзе!
 
Будзь Бласлаўлены, Госпадзе, навекі. Амін, амін!