Псалтыр 98 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Псальм. Спявайце Госпаду новую песню, бо ўчыніў Ён цуды. Паратунак у правіцы Яго і ў руцэ святой Яго.
 
Псальм. Сьпявайце Госпаду песьню новую, бо Ён учыніў цуды! Перамогу здабыла Яму ягоная правіца і сьвятое плячо яго.

Госпад абвясціў Сваё збаўленне, на віду паганаў аб’явіў Ён Сваю справядлівасць.
 
Госпад аб’явіў сваё збаўленьне, прад вачыма паганаў адкрыў сваю справядлівасьць,

Успомніў Ён пра міласэрнасць Сваю і пра праўду Сваю для дома Ізраэля. Убачаць усе канцы свету збаўленне Бога нашага.
 
Успомніў на любоў сваю і вернасьць для дому Ізраіля. Усе узьмежкі зямлі убачылі збаўленьне Бога нашага.

Услаўляй гучна Бога, уся зямля, выбягайце, радуйцеся і грайце псальмы.
 
Усклікай Госпаду уся земля! Радуйцеся ў песьнях і псальмах.

Грайце Госпаду на цытры, на цытры і з гукамі псальма.
 
Выслаўляйце Госпада на арфе, на гусьлях і пры іграньні і галосных песьнях.

На срэбных трубах і пад гукі рога спявайце гучна славу перад абліччам Госпада Валадара.
 
На трубах і гукам рагоў радуйцеся перад абліччам Цара — Госпада.

Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, увесь сусвет і тыя, што ў ім пражываюць.
 
Няхай мора бушуе і ўсё, што яго напаўняе, сусьвет і ўсе у ім жыхары!

Хай рэкі плешчуць у далоні і разам радуюцца горы
 
Няхай усе рэкі пляскаюць далонямі і горы хай усклікаюць у радасьці!

перад Госпадам, бо прыходзіць Ён судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусвет па справядлівасці і народы — па праўдзе.
 
Перад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіці зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы — па праўдзе.