Псалтыр 38 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Псальм Давідаў. На ўспамін.
 
Псальм Давідавы. Напамінаньне.

Госпадзе, не ўшчувай мяне ў абурэнні Тваім і не карай мяне ў гневе Тваім.
 
Госпадзе, не карай мяне ў гневе тваім! і ў лютасьці тваей не дакарай мне.

Бо стрэлы Твае працялі мяне і апусцілася на мяне рука Твая,
 
Твае стрэлы пранізалі мяне і рука твая ўгнетае мяне.

няма нічога здаровага ў маім целе праз гнеў Твой, няма супакою касцям маім праз грахі мае,
 
Няма цэлага месца ў целе маім ад заўзяіасьці тваей: ад граху майго ў касьцях маіх нічога здаровага няма.

бо правіннасці мае вышэй галавы маёй узняліся, прыгнятаюць яны мяне вельмі, быццам вялікі цяжар.
 
Бо праступкі мае перавысілі галаву маю: як вялізны цяжар прыгнятаюць мяне.

Сасмярдзелі і нагнаіліся раны мае праз дурноту маю.
 
Мае раны сьмярдзяць і гнаяцца праз дурнасьць маю.

Сагнуты і прыгнечаны я надзвычайна, цэлы дзень хадзіў засмучаны.
 
Зусім я сагнуты і скрыўлены — усе дні хаджу ды сумую.

Бо крыжавіна мая напоўнілася ліхаманкай, і няма нічога здаровага ў маім целе.
 
Бо маё нутро поўнае гарачкі: няма цэлага месца на целе маім.

Прыгнечаны і прыніжаны я надзвычайна, роў я ад трымцення сэрца майго.
 
Зусім я зьнямогся, прыгнечаны бясконца: аж рыкаю — так стогне маё сэрца!

Госпадзе, перад Табою ўся жальба мая, і ўздыханне маё не ўтоена ад Цябе.
 
Госпадзе, усё маё жаданьне ёсьць яўна перад Табою, дый маё ўздыханьне ад Цябе ня ўкрыта.

Затрапяталася сэрца маё, пакінула мяне сіла мая; святло вачэй маіх — і таго няма са мною.
 
Сэрца маё трапечацца, сіла мая (пакінула мяне і сьветласьць вачэй маіх знікае).

Прыяцелі мае і блізкія мае сталі наводдаль ад пакутаў маіх, а сваякі мае сталі здалёк.
 
Прыяцелі мае і таварышы адхіляюцца ад ранаў маіх, і блізкая радня воддаль стаіць ад мяне.

І расставілі пасткі тыя, што шукалі душу маю, а тыя, што вельмі жадалі мне ліха, прамаўлялі падступнае і цэлы дзень планавалі хітрасці.
 
А тыя, што шукаюць душы маей, настаўляюць сеці, дый тыя, што жадаюць майго няшчасьця, пра пагібель маю гавораць і ўсьцяж разважаюць аб здрадзе.

А я, быццам глухі, не чую і, як нямы, не адкрываю вуснаў сваіх.
 
А я ня слухаю — стаў як глухі і як нямы, што не адчыняе вуснаў сваіх.

І зрабіўся я, быццам чалавек, які не чуе і не мае ў вуснах сваіх апраўданняў.
 
І стаўся я, як чалавек, што ня чуе, што ў вуснах сваіх не мае апраўданьня.

У Табе бо, Госпадзе, надзею маю, Ты выслухаеш, Госпадзе, Божа мой.
 
Бо на Цябе толькі я спадзяюся, Госпадзе: гэта Ты адкажаш, Госпадзе Божа мой!

Дык вось я кажу: «Хай не пацяшаюцца з мяне, калі хістаюцца ногі мае, хай не ўзвышаюць сябе перада мной».
 
Бо я кажу: “Каб яны не пацешаліся нада мной! Калі нага мая хістаецца, няхай нада мной ня ўзносяцца”.

Я ўжо магу хутка зваліцца, і боль мой заўжды перада мной.
 
Я стаў блізкі ўпадку і журба мая ўсьцяж перада мною без палёгкі.

Дык і прызнаюся ў сваёй правіннасці і з прычыны граху майго я ўстрывожыўся.
 
Так, да віны маей я прызнаюся і трывожуся грахом маім.

Але непрыяцелі мае жывуць, і яны сталі дужэйшымі, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва.
 
А тыя, што мне ахвотна шкодзяць, умнажаюцца і маса тых, што мяне без прычыны ненавідзяць.

І тыя, што ліхам адплачваюць за дабро, нападаюць на мяне, бо іду я следам за дабром.
 
Злом за дабро пляцяць мне яны: вінавацяць мяне, калі шукаю дабра.

Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не адступайся ад мяне,
 
Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! Не адыходзь ад мяне далёка!

спяшайся мне на дапамогу, Госпадзе, Збаўца мой.
 
Пасьпяшы мне на успамогу, Госпадзе — збаўленьне маё!