Псалтыр 26 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Давідаў. Прызнай мне, Госпадзе, справядлівасць, бо пачаў я хадзіць у бязвіннасці сваёй і не саслабею, спадзеючыся на Госпада.
 
Псальм Давідавы.(а) Судзі мяне, Госпадзе, бо я паступаў у нявіннасьці маёй: я апіраўся на Госпада і ня блукаўся.

Выпрабуй мяне, Госпадзе, і ўчыні мне іспыт, растапі [мне] вантробы мае і сэрца маё.
 
Выпрабуй мяне, Госпадзе, і рассудзі мяне: дасьведч, як агнём, мае ныркі і сэрца!

Бо міласэрнасць Твая ў мяне перад вачамі, і жыву я ў праўдзе Тваёй.
 
Маю прад вачыма тваю любоў і хаджу ў тваей праўдзе.

Не сядзеў я разам з мужамі марнымі, і не ўвайду разам з тымі, што дзейнічаюць спадцішка.
 
Я не засядаў з ашуканцам і не жадаў заходзіць да крывадушніка.

Узненавідзеў я зборышча злачынцаў і з бязбожнікамі разам не сядаю.
 
Я брыджуся зборкі зламысных і з бязбожнікамі не засядаю.

У знак нявіннасці абмыю я рукі мае і абыду кругом ахвярнік Твой, Госпадзе,
 
Я абмываю рукі мае ў нявіннацьці і абыходжу аўтар твой, Госпадзе.

каб адкрыць для вушэй воклічы хвалы і паведаміць пра ўсе дзівосы Твае.
 
Каб голасна падзякаваць Табе і апавядаць усе цуды твае.

Палюбіў я прыстанішча дому Твайго і месца пражывання хвалы Тваёй.
 
Госпадзе, я люблю памешканне дому твайго і месца храму славы тваей.

Не губі з бязбожнікамі душы маёй і з мужамі крыважэрнымі — жыцця майго.
 
Ня злучай душы маей з грэшнікамі, ані жыцьця майго з крывапійцамі!(б)

На руках іх ліхадзействы, правіца іх поўная хабараў.
 
На руках іх — злачынства, а правіца — поўная покупаў.

Я ж пачаў хадзіць у нявіннасці сваёй, збаў мяне і пашкадуй мяне.
 
А я хаджу ў маей нявіннасьці: Збаў мяне і зжалься нада мною!

На роўнай дарозе стаіць мая нага, славіць буду Госпада ў святынях.
 
Мая нага стаіць на роўнай дарозе: на зборках буду благаславіць Госпада.