Псалтыр 144 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Давідаў. Дабраславёны Госпад, Успаможца мой; Ён навучыць бітве рукі мае, і пальцы мае — вайне.
 
Давідавы. Няхай будзе багаслаўлены Госпад, Скала мая, што прывучы рукі мае да вайны і пальцы мае да бітвы.

Міласэрнасць мая і цвярдыня мая, прыбежышча маё і вызваліцель мой; шчыт мой, і на Яго ўсклаў я надзею, Ён падпарадкаваў мне народ мой.
 
Ён любоў мая і абарона мая, і цьвярдыня мая і Збавіцель мой; Ён — шчыт мой, а ў Ім маю прыпынак і паддае народы пад маю ўладу.

Госпадзе, што ёсць чалавек, што Ты ведаеш пра яго, або што ёсць сын чалавечы, што Ты пра яго думаеш?
 
Госпадзе, чым ёсьць чалавек, што Ты знаеш яго, — істота людзкая, што думаеш аб ім?

Чалавек стаўся падобны да марнасці, дні яго мінаюць, як цень.
 
Чалавек ёсьць падобны да подмуху; ягоныя дні, як цень мімалётны.

Госпадзе, нахіні нябёсы Твае і сыдзі; дакраніся да гор, і яны задымяцца.
 
Госпадзе, нахілі твае нябёсы і зыйдзі, дакраніся да гор і задымяцца.

Заззяй маланкамі і рассып іх, выпусці стрэлы Твае і перамяшай іх.
 
Засьвяці маланкаю і разгані іх, выпусьці свае стрэлы і прыстраш іх!

Падай руку Тваю з вышыняў, вырві мяне і вызвалі мяне ад вялікіх водаў, ад рукі сыноў іншаземных,
 
Выцягні руку тваю з вышыні, выбаві мяне і выратуй ад водаў вялікіх, з рукі сыноў чужацкіх! —

вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца.
 
Якіх вусны гавораць пустое, а іхняя правіца — гэта правіца вераломства.

Божа, спяваць буду Табе песню новую, граць буду псальмы на дзесяціструнных гуслях.
 
О, Божа, я новую песьню Табе засьпяваю, на ліры дзесяціструннай буду іграці Табе,

Даеш Ты царам збаўленне, адкупаеш Ты Давіда, слугу Твайго, ад мяча ліхадзейнага.
 
Ты царом даеш перамогу, Ты вызваліў Давіда, слугу твайго, — ад мяча нягодніка,

Вырві мяне і вызвалі мяне ад рукі сыноў іншаземных, вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца.
 
Выбаў мяне і ратуй мяне ад рукі чужынцаў, якіх вусны гавораць пустое, а іх правіца ёсьць правіца вераломства.

Сыны нашыя — быццам новыя парасткі ў маладосці сваёй; дочкі нашыя — як слупы гранёныя, высечаныя, як пабудова святыні.
 
Няхай сыны будуць як прышчэпы, што растуць ад маладосьці; нашыя дочкі — як вуглавыя слупы, на падабенства палацовых.

Каморы нашыя поўныя, мноства ўсялякага дабра, авечак нашых — тысячы, незлічона [іх] на палях нашых,
 
Гумны нашыя няхай будуць поўныя, багатыя пладамі ўсякага гатунку; нашыя авечкі тысячамі, у бязьмерным ліку на пасьвішчах нашых.

валы нашы тлустыя. Няма абрушаных агароджаў і праходаў, няма голасу на вуліцах нашых.
 
Нашая быдла няхай будзе тлустае; няхай ня будзе ані узламаньня, ні уцечкі, ані нараканьня на вуліцах нашых!

Шчасны народ, у якога гэта ёсць; шчасны народ, у якога Госпад — Бог яго.
 
Шчасьлівы народ, якому гэтак шанцуе; шчасьлівы народ, якога Госпад ёсьць Богам!