Псалтыр 144 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давідаў. Дабраславёны Госпад, Успаможца мой; Ён навучыць бітве рукі мае, і пальцы мае — вайне.
 
Давіда. Дабраслаўлёны ГОСПАД, скала мая, Які навучае рукі мае барацьбе, і пальцы мае — змаганьню.

Міласэрнасць мая і цвярдыня мая, прыбежышча маё і вызваліцель мой; шчыт мой, і на Яго ўсклаў я надзею, Ён падпарадкаваў мне народ мой.
 
Міласэрнасьць для мяне і замчышча маё, умацаваны замак мой і Збаўца для мяне, шчыт мой, Той, у Якім маю надзею, Ён народ мой падпарадкоўвае мне!

Госпадзе, што ёсць чалавек, што Ты ведаеш пра яго, або што ёсць сын чалавечы, што Ты пра яго думаеш?
 
ГОСПАДЗЕ, што ёсьць чалавек, што Ты ведаеш яго, і сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?

Чалавек стаўся падобны да марнасці, дні яго мінаюць, як цень.
 
Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя — быццам цень, што мінае.

Госпадзе, нахіні нябёсы Твае і сыдзі; дакраніся да гор, і яны задымяцца.
 
ГОСПАДЗЕ, нахілі неба Тваё і зыйдзі, дакраніся да гор, і яны запалаюць!

Заззяй маланкамі і рассып іх, выпусці стрэлы Твае і перамяшай іх.
 
Блісьні маланкай і расьцяруш іх, пусьці стрэлы Твае і прагані іх!

Падай руку Тваю з вышыняў, вырві мяне і вызвалі мяне ад вялікіх водаў, ад рукі сыноў іншаземных,
 
Выцягні з вышыні руку Тваю, вызвалі мяне і выратуй мяне з водаў вялікіх, з рукі сыноў чужынскіх,

вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца.
 
вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

Божа, спяваць буду Табе песню новую, граць буду псальмы на дзесяціструнных гуслях.
 
Божа, я новы сьпеў буду сьпяваць для Цябе, на псалтыры дзесяціструнным буду граць Табе,

Даеш Ты царам збаўленне, адкупаеш Ты Давіда, слугу Твайго, ад мяча ліхадзейнага.
 
бо Ты даеш выратаваньне валадару, і выбаўляеш Давіда, слугу Твайго, ад мяча злыдня!

Вырві мяне і вызвалі мяне ад рукі сыноў іншаземных, вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца.
 
Выбаў мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

Сыны нашыя — быццам новыя парасткі ў маладосці сваёй; дочкі нашыя — як слупы гранёныя, высечаныя, як пабудова святыні.
 
Няхай будуць сыны нашыя, быццам саджанцы, якія разрастаюцца ў маладосьці сваёй; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя, якія высечаны паводле ўзору сьвятыні.

Каморы нашыя поўныя, мноства ўсялякага дабра, авечак нашых — тысячы, незлічона [іх] на палях нашых,
 
Сьпіжарні нашыя няхай будуць поўныя, каб задаволіць любыя патрэбы, усялякія патрэбы; няхай у тысячу разоў памножацца авечкі нашыя на вуліцах нашых.

валы нашы тлустыя. Няма абрушаных агароджаў і праходаў, няма голасу на вуліцах нашых.
 
Валы нашыя няхай будуць тлустыя, няхай ня будзе ані вылому, ані страты, ані ляманту на плошчах нашых!

Шчасны народ, у якога гэта ёсць; шчасны народ, у якога Госпад — Бог яго.
 
Шчасьлівы той народ, у якога гэтак дзеецца! Шчасьлівы той народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог ягоны!