Псалтыр 103 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Давідаў. Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё, што ёсць ува мне, — імя святое Яго.
Псальм Давіда. Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА, і ўсё нутро маё — імя Ягонае сьвятое!
Дабраславі, душа мая, Госпада ды не забывай пра ўсе даброцці Яго.
Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА і не забывайся пра ўсё, што Ён зрабіў!
Ён адпускае ўсе твае правіннасці, Ён лечыць усе кволасці твае.
Ён даруе табе ўсе беззаконьні твае, вылечвае ўсякую немач тваю,
Ён адкупае душу тваю ад загубы, Ён вянчае цябе міласэрнасцю і літасцю;
вызваляе ад магілы жыцьцё тваё, літасьцю вялікай і міласэрнасьцю карануе цябе,
Ён напаўняе дабротамі пры жыцці цябе, аднаўляецца, як у арла, маладосць твая.
насычае дабром старасьць тваю, аднаўляе, як у арла, маладосьць тваю.
Госпад, што чыніць справядлівасць і суд для ўсіх, хто церпіць крыўду,
Праведнасьць чыніць ГОСПАД і суд для ўсіх прыгнечаных.
Ён даў Майсею спазнаць шляхі Свае, сынам Ізраэля — справы Свае.
Ён зрабіў вядомымі шляхі Свае Майсею, сынам Ізраіля — учынкі Свае.
Літасцівы і спагадны Госпад, доўгацярплівы і вельмі міласэрны.
Спагадлівы і літасьцівы ГОСПАД, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць.
Не бясконца Ён сварыцца ды не вечна будзе гневацца.
Не назаўсёды Ён гневам палае і ня вечна памятае ліхое.
Не адгаджае нам паводле грахоў нашых і не помсціць нам за правіннасці нашыя.
Не паводле грахоў нашых нам Ён дае і не ўчыняе з намі паводле беззаконьняў нашых,
Бо, наколькі ўзвышаецца неба над зямлёю, настолькі перавышае міласэрнасць Яго страх Яго.
бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласэрнасьць Ягоная да тых, што баяцца Яго,
Як далёкі ўсход ад захаду, так аддаляе Ён ад нас грахі нашы.
як далёкі ад захаду ўсход, так [далёка] Ён нашыя правіны ад нас аддаліў,
Як бацька літуецца над сынамі, так Госпад злітаваўся над тымі, што шануюць Яго.
як літуецца бацька над сынамі, так ГОСПАД літуецца над тымі, што баяцца Яго.
Бо Ён спазнаў стварэнне наша, успомніў, што мы — пыл.
Бо ведае Ён настаўленьне нашае, памятае, што мы — [толькі] пыл.
Быццам трава дні людскія, чалавек цвіце, як краска палявая,
Дні чалавечыя — як трава; як кветка ў полі, так ён квітнее,
ледзь павее на яе вецер, і ўжо няма яе, і месца яе невядомае.
бо пройдзе над ім вецер, і няма яго, і ўжо месца ягонае больш не пазнае яго.
А міласэрнасць жа Госпадава спрадвеку па век над тымі, што шануюць Яго, а справядлівасць Яго — для сыноў сынавых.
Але міласэрнасьць ГОСПАДА ад веку і на вякі над тымі, што баяцца Яго, і праведнасьць Ягоная — над сынамі сыноў
Для тых, якія трымаюцца запавету Яго і памятаюць прыказанні Яго, каб спаўняць іх.
тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і загады Ягоныя памятаюць, каб выконваць іх.
Госпад у небе падрыхтаваў пасад Свой, і валадарыць Ён над усім светам.
ГОСПАД умацаваў пасад Свой на нябёсах, і валадарства Ягонае над усім пануе.
Дабраслаўляйце Госпада, усе анёлы Яго, моцныя магуццем, робячы па слове Яго на паслухмянасць голасу мовы Яго.
Дабраславіце ГОСПАДА, анёлы Ягоныя, магутныя моцаю, што выконваеце слова Ягонае, чуючы голас слова Ягонага!
Дабраслаўляйце Госпада, усе магуцці Яго, слугі Яго, якія выконваеце волю Яго.
Дабраславіце ГОСПАДА, усе войскі Ягоныя, служыцелі Ягоныя, што выконваеце волю Ягоную!
Дабраслаўляйце Госпада, усе справы Яго, і ў кожным месцы Яго валадарання дабраславі, душа мая, Госпада!
Дабраславіце ГОСПАДА, усе творы Ягоныя па ўсіх месцах панаваньня Ягонага! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА!