Псалтыр 15 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Псальм Давідаў. Госпадзе, хто будзе жыць у палатцы Тваёй? Хто знойдзе спачын на гары Тваёй святой?
Псальм Давіда. ГОСПАДЗЕ! Хто будзе жыць у намёце Тваім, хто паселіцца на гары Тваёй сьвятой?
Той, хто ходзіць беззаганна і робіць справядлівасць; той, хто гаворыць праўду ў сэрцы сваім;
Той, хто ходзіць беззаганна, і чыніць праведнасьць, і кажа праўду ў сэрцы сваім,
хто не падманвае языком сваім, не робіць благога блізкаму свайму і ганьбы не ўзводзіць на блізкага свайго;
хто языком сваім не ачарніў, не ўчыніў ліхога бліжняму свайму і ня ўзьвёў ганьбы на таго, хто побач,
нікчэмным лічыцца перад ім злачынца, аднак тых, што баяцца Госпада, ён услаўляе; хто прысягае, хоць і не на карысць сваю, і не адмаўляецца;
які таго, хто пагарджае [Богам], адкідае з вачэй сваіх, а таго, хто баіцца ГОСПАДА, ушаноўвае; той, хто са шкодай для сябе прысягаў, але гэтага не зьмяняў;
хто грошы свае не дае на ліхвярства і хабару супраць бязвіннага не прымае. Той, хто так робіць, не пахіснецца навек.
хто срэбра свайго на ліхву не аддаваў і хабару супраць нявіннага ня браў. Хто гэтак робіць, не пахісьнецца на вякі!