Псалтыр 111 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Алілуя. АЛЕФ. Буду вызнаваць я Госпада ўсім сэрцам маім, БЭТ. на сабранні справядлівых і на сходзе.
Альлелюя! Буду славіць ГОСПАДА ўсім сэрцам на нарадзе правых і ў грамадзе.
ГІМЭЛЬ. Вялікія ёсць справы Госпадавы, ДАЛЕТ. вартыя вывучэння ўсімі, каму яны падабаюцца.
Вялікія дзеяньні ГОСПАДА, годныя ўвагі ўсіх, што імкнуцца да іх.
ГЕ. Аздоба і велічнасць — справа Яго, ВАЎ. а справядлівасць Яго трывае на векі вечныя.
Годнасьць і велічнасьць — справы Ягоныя, і праведнасьць Ягоная будзе трываць вечна.
ДЗАЙН. Памятнымі зрабіў Ён цуды Свае, ГЭТ. міласэрны і спагадны Госпад.
Ён памятнымі зрабіў цуды Свае, ГОСПАД літасьцівы і спагадлівы.
ТЭТ. Даў есці тым, якія шануюць Яго; ЁД. памятаць будзе век пра Свой запавет.
Ён ежу дае тым, што баяцца Яго, памятае на вякі запавет Свой.
КАФ. Магуцце спраў Сваіх абвясціў Ён Свайму народу, ЛАМЭД каб даць ім спадчыну паганаў.
Ён распавёў народу Свайму пра сілу дзеяньняў Сваіх, даючы яму спадчыну народаў.
МЭМ. Справы рук Яго — праўда і суд, НУН. верныя ўсе Яго прыказанні,
Дзеі рук Ягоных — праўда і суд; усе загады Ягоныя верныя,
САМЭХ. замацаваныя на векі вечныя, АЙН. учыненыя ў праўдзе і справядлівасці.
замацаваныя на вякі вечныя, зробленыя ў праўдзе і справядлівасьці.
ФЭ. Паслаў Ён адкупленне народу Свайму, САДЭ. пастанавіў навечна запавет Свой, КОФ. святое і шаноўнае імя Яго.
Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, пастанавіў на вякі запавет Свой; сьвятое і страшнае імя Ягонае!
РЭС. Пачатак мудрасці — пашана да Госпада, СІН. добры розум ва ўсіх, хто гэта чыніць; ТАУ. Хвала Яго трывае на векі вечныя.
Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак мудрасьці; добры розум [маюць] усе, што дзейнічаюць [у страху Божым]. Хвала Ягоная трывае вечна.