Псалтыр 124 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Песня ўзыходжання. Давідава. Калі б не Госпад быў з намі, хай скажа цяпер Ізраэль,
 
Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Калі б не было з намі ГОСПАДА, — скажы, прашу, Ізраіль, —

Калі б не Госпад быў з намі, калі людзі паўсталі супраць нас:
 
калі б не было з намі ГОСПАДА, калі паўстаў супраць нас чалавек,

адразу праглынулі б яны нас жывымі, калі б разгарэлася іх абурэнне на нас,
 
тады яны б нас жывымі праглынулі, калі гнеў іхні распаліўся на нас,

Напэўна, вада затапіла б нас, ручай праплыў бы праз душу нашу;
 
тады б воды нас затапілі, струмень заліў бы душы нашыя,

напэўна, праплылі б праз душу нашу бурлівыя воды.
 
тады б воды бурлівыя залілі б душы нашыя.

Дабраславёны Госпад, Які не даў нас на здабычу ў зубы іх.
 
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не аддаў нас зубам іхнім, як здабычу.

Душа наша, як верабей, вырвалася з сіла птушкаловаў: сіло парвалася, а мы вызваліліся.
 
Душа наша ўцякла, быццам птушка з сіла птушкалова; сіло парванае, і мы ўцяклі!

Успамога наша ў імю Госпада, Які стварыў неба і зямлю.
 
Дапамога нашая — у імені ГОСПАДА, Які стварыў неба і зямлю.