Псалтыр 125 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Песня ўзыходжання. Тыя, што здавераны ў Госпадзе, падобныя да гары Сіён: яна не зварухнецца, трывае на век.
 
Сьпеў узыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, [яны] як гара Сыён, якая не пахісьнецца і будзе на вякі.

Ерузалім, горы каля яго, а Госпад — каля народа Свайго ад гэтага часу і навечна.
 
Горы вакол Ерусаліму, а ГОСПАД — вакол народу Свайго ад сёньня і на вякі.

Бо не затрымаецца жазло несправядлівасці над доляй справядлівых, каб справядлівыя не працягвалі рук сваіх да несправядлівасці.
 
Бо кій бязбожнікаў не застанецца над лёсам праведнікаў, каб не цягнулі праведнікі рук сваіх да беззаконьня.

Спагадай, Госпадзе, добрым і шчырым сэрцам.
 
Рабі, ГОСПАДЗЕ, добрае добрым і тым, хто шчыры ў сэрцы сваім.

А тых, што ўхіляюцца на свае крывыя дарогі, хай прагоніць Госпад разам з ліхадзеямі. Супакой над Ізраэлем!
 
Але тых, што зыходзяць на сьцежкі крывыя свае, няхай выганіць ГОСПАД разам са злачынцамі. Супакой над Ізраілем!