Псалтыр 112 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Алілуя. АЛЕФ. Шчасны чалавек, які шануе Госпада, БЭТ. які вельмі любіць прыказанні Яго.
 
Альлелюя! Шчасьлівы той чалавек, які баіцца ГОСПАДА і ў прыказаньнях Ягоных мае ўпадабаньне вялікае.

ГІМЭЛЬ. Магутным будзе на зямлі патомства яго. ДАЛЕТ. Дабраславёным будзе пакаленне справядлівых.
 
Магутным будзе на зямлі насеньне ягонае; пакаленьне правых будзе дабраслаўлёнае.

ГЕ. Слава і багацце ў яго доме, ВАЎ. і справядлівасць яго трывае на векі вечныя.
 
Маёмасьць і багацьце ў доме ягоным, і праведнасьць ягоная будзе трываць вечна.

ДЗАЙН. Узышло ў цемры святло для справядлівых, ГЭТ. Ён спагадны, і міласэрны, і справядлівы.
 
Узыходзіць у цемры сьвятло правым, літасьцівы і спагадлівы, і праведны [Бог].

Мілы той чалавек, ТЭТ. які літуецца і пазычае, ЁД. які кіруе справамі сваімі справядліва,
 
Добра чалавеку, які літуецца і пазычае, які справы свае вядзе згодна з судом.

КАФ. бо не пахіснецца ён вечна; ЛАМЭД. справядлівы будзе ў вечнай памяці.
 
Бо ён ніколі не пахісьнецца; у вечнай памяці будзе праведнік.

МЭМ. Не будзе ён баяцца ліхой чуткі, НУН. сэрца яго гатовае, мае надзею ў Богу.
 
Ня будзе баяцца, чуючы вестку благую; моцнае сэрца ягонае, ён спадзяецца на ГОСПАДА.

САМЭК. Умацована сэрца яго, не будзе баяцца, АЙН. калі з пагардаю гляне на непрыяцеляў сваіх.
 
Умацаванае сэрца ягонае, ён ня будзе баяцца, аж пакуль угледзіць [загубу] прыгнятальнікаў сваіх.

ФЭ. Падзяліў ён, даў бедным; САДЭ. справядлівасць яго трывае ў векі вечныя, КОФ. рог яго ўзвысіцца ў славе.
 
Раскідаў, раздаў бедным; праведнасьць ягоная трывае вечна, рог ягоны ўзьнімецца ў славе.

РЭС. Убачыць грэшнік і разгневаецца, СІН. будзе скрыгатаць зубамі сваімі і марнець. ТАУ. Жаданне грэшнікаў не здзейсніцца.
 
Угледзіць гэта бязбожнік і будзе злаваць, скрыгатаць ён будзе зубамі і змарнее, і жаданьне бязбожніка загіне.