Псалтыр 69 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Паводле «Лілея...» Давідаў.
 
Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Давіда.

Збаў мяне, Божа, бо падступіліся воды аж да горла майго.
 
Збаў мяне, Божа, бо воды да душы маёй даходзяць!

Заграз я глыбока ў балоце і няма дна; увайшоў я ў глыбокія воды, і цячэнне цягне мяне.
 
Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я патрапіў у глыбіню водную, і цячэньне мяне падхапіла.

Знямогся я, крычучы, ахрыплым сталася горла маё; стаміліся вочы мае, так чакаю я Бога майго.
 
Я зьнямогся ад крыку майго, засохла горла маё; змарыліся вочы мае, пакуль я спадзяваўся на Бога майго.

Больш чым валасоў на маёй галаве тых, што зненавідзелі мяне без прычыны. Падужэлі тыя, што чыняць мне пераслед, ворагі мае лжывыя; чаго не забіраў, аддаваў я тады.
 
Больш, чым валасоў на галаве маёй, тых, што мяне ненавідзяць без прычыны, узмацніліся тыя, што нішчаць мяне, ворагі мае падступныя. Чаго не рабаваў, мушу аддаваць.

Божа, Ты ведаеш неразумнасць маю, і злачынствы мае ад Цябе не ўтоены.
 
Божа, Ты ведаеш дурасьць маю, і правіны мае ад Цябе не схаваныя.

Хай не пачырванеюць за мяне тыя, што чакаюць Цябе, Госпадзе, Госпадзе магуццяў. Хай не пасаромеюцца з-за мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраэля!
 
Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, ГОСПАД Магуцьцяў; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля!

Бо з-за Цябе цярплю я ганьбу, сорам пакрывае твар мой;
 
Бо дзеля Цябе я ганьбу зношу, і сорамам пакрыта аблічча маё.

чужым стаўся я для братоў маіх, і іншаземцам для сыноў маці маёй.
 
Я стаўся чужым для братоў маіх і чужынцам для сыноў маці маёй.

Бо руплівасць па доме Тваім згрызае мяне, і знявагі тых, што зневажалі Цябе, звалілася на мяне.
 
Бо руплівасьць пра Дом Твой зьядае мяне, і зьнявагі тых, што Цябе зьневажаюць, зыйшлі на мяне.

І аплакаў я ў посце душу маю, і залічылі яны гэта ганьбаю для мяне.
 
І плакала ў посьце душа мая, і сталася гэта зьнявагай мне.

Валасяніца на мне замест адзення майго, і стаўся я пасмешышчам для іх.
 
І зрабіў я зрэбніцу вопраткай маёй, і стаўся для іх прыповесьцю.

Нагаворваюць супраць мяне тыя, што сядзяць пры браме, і спяваюць пра мяне тыя, што п’юць віно.
 
Абмаўляюць мяне тыя, што сядзяць у браме [гораду], і прыпеўкі пяюць тыя, што п’юць сікеру.

А я — малітву маю да Цябе, Госпадзе, у час спагаднасці Тваёй, Божа. У бязмежжы міласэрнасці Тваёй выслухай мяне, у праўдзе збаўлення Твайго.
 
А я да Цябе малюся, ГОСПАДЗЕ, у час упадабаньня Твайго, Божа; у вялікай міласэрнасьці Тваёй пачуй Ты мяне, у праўдзе збаўленьня Твайго!

Уратуй мяне з багны, каб я не заграз, уратуй, калі ласка, ад тых, што ненавідзяць мяне, і ад водных глыбіняў.
 
Выратуй мяне з балота, каб я не заграз; ратуй ад тых, што ненавідзяць мяне, і з глыбіняў водных!

Хай не зацягне мяне цячэнне водаў, хай не праглыне мяне вір, хай не самкне нада мною бездань пашчы сваёй, хай не закрые нада мной студня ўваходу свайго.
 
Няхай не падхопіць мяне цячэньне водаў, няхай не праглыне мяне глыбіня, і няхай не сашчэміць нада мною калодзеж вуснаў сваіх.

Выслухай мяне, Госпадзе, бо спагадная міласэрнасць Твая; у бязмежжы міласэрнасці Тваёй зірні на мяне.
 
Пачуй мяне, ГОСПАДЗЕ, бо добрая міласэрнасьць Твая! Паводле вялікай літасьці Тваёй павярніся да мяне.

І не адварочвай аблічча Твайго ад слугі Твайго; бо перапалоханы я, хутчэй выслухай мяне.
 
І не хавай аблічча Твайго перад слугою Тваім, бо я прыгнечаны; хутчэй адкажы мне!

Прыхініся да душы маёй, абарані яе, барані мяне ад непрыяцеляў маіх.
 
Наблізься да душы маёй, барані яе; насупраць ворагам маім выбаў Ты мяне!

Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і знявагу маю. Перад Табою — усе тыя, што прыгнятаюць мяне;
 
Ты ведаеш ганьбу маю, і сорам мой, і зьнявагу маю; перад Табою ўсе, што перасьледуюць мяне.

ганьба знявечыла сэрца маё, і я змогся. І чакаў я таго, хто б падзяліў са мною смутак — і не было нікога, і таго, хто б суцешыў, — і не знайшоў.
 
Ганьба разьбіла сэрца маё, і я ў роспачы; я спадзяваўся на спачуваньне, і ня маю яго, і на пацяшальнікаў, і не знайшоў іх.

І далі яны для ежы мне жоўць, і ў смазе маёй напаілі мяне воцатам.
 
Яны далі мне замест стравы жоўць, і, калі я смагнуў, напаілі мяне воцатам.

Хай стол іх станецца ім сілом, і адплатаю, і згаршэннем.
 
Няхай станецца стол іхні перад абліччам іхнім пасткаю, і бясьпечнасьць — сілом.

Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, і сцёгны іх абнясіль назаўсёды.
 
Няхай зацемрацца вочы іхнія, каб ня бачылі, няхай сьцёгны іхнія заўсёды дрыжаць!

Вылій на іх гнеў Твой, і лютасць гневу Твайго хай ахопіць іх.
 
Вылі на іх ярасьць Тваю, і жар гневу Твайго няхай дагоніць іх!

Хай будзе пустым іх панадворак, і ў палатках іх не будзе таго, хто б жыў у іх.
 
Няхай апусьцее сяліба іхняя, у намётах іхніх няхай ніхто не жыве!

Бо таму, каго Ты пакараў, яны пераслед чынілі і павялічылі пакуту таго, каго Ты параніў.
 
Бо таго, каго Ты б’еш, яны перасьледуюць, і пра боль таго, каго Ты параніў, яны абвяшчаюць.

Прыкладзі несправядлівасць да несправядлівасці іх, і хай яны не прыйдуць да справядлівасці Тваёй.
 
Дадай беззаконьне да беззаконьня іхняга і ня дай ім прыйсьці да праведнасьці Тваёй.

Хай выкрасляць іх з кнігі жывых і са справядлівымі хай не будуць упісаны.
 
Няхай будуць выкрэсьленыя з кнігі жывых і ня будуць запісаныя разам з праведнікамі.

А я — бедны і спакутаваны; збаўленне Тваё, Божа, падтрымлівае мяне.
 
А я прыгнечаны і поўны тугі; збаўленьне Тваё, Божа, няхай падыме мяне!

Буду хваліць я імя Бога з песняю і ўзвялічваць буду Яго ў пахвале.
 
Я буду хваліць імя Божае сьпевам і ўзьвялічваць Яго з падзякаю.

І спадабаецца Госпаду [гэта] больш за валоў, больш за цяля, у якога рогі і капыты падрастаюць.
 
І будзе гэта больш даспадобы ГОСПАДУ, чым вол, бык з рагамі і капытамі.

Хай убачаць пакорлівыя і хай узвесяляцца; шукайце Бога і ажыве сэрца вашае,
 
Угледзяць [гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца; і ў вас, што Бога шукаеце, няхай ажыве сэрца вашае!

бо выслухаў бедных Госпад і вязняў Сваіх не адцураўся.
 
Бо ГОСПАД выслухоўвае бедных і вязьнямі Сваімі не пагарджае.

Хай хваляць Яго нябёсы і зямля, моры і ўсе рэптыліі ў іх.
 
Няхай хваляць Яго неба і зямля, і мора, і ўсё, што рухаецца ў іх.

Бо Бог збавіць Сіён і пабудуе гарады Юды; і паселяцца яны там і будуць ім валодаць.
 
Бо збавіць Бог Сыён, і адбудуе гарады Юды, і яны паселяцца там, і возьмуць у спадчыну іх.

І нашчадкі слуг Яго атрымаюць яго ў спадчыну, і тыя, што любяць імя Яго, будуць жыць у ім.
 
І насеньне слугаў Ягоных у спадчыну іх атрымае, і той, хто любіць імя Ягонае, жыць будзе ў іх.