Псалтыр 38 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальм Давідаў. На ўспамін.
 
Псальм Давіда. Напамін.

Госпадзе, не ўшчувай мяне ў абурэнні Тваім і не карай мяне ў гневе Тваім.
 
ГОСПАДЗЕ, у абурэньні Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!

Бо стрэлы Твае працялі мяне і апусцілася на мяне рука Твая,
 
Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і лягла на мяне рука Твая.

няма нічога здаровага ў маім целе праз гнеў Твой, няма супакою касцям маім праз грахі мае,
 
Няма цэлага месца ў целе маім дзеля гневу Твайго, няма супакою ў костках маіх дзеля грэху майго.

бо правіннасці мае вышэй галавы маёй узняліся, прыгнятаюць яны мяне вельмі, быццам вялікі цяжар.
 
Бо правіны мае ўзьняліся вышэй галавы маёй, як бярэмя цяжкое яны абцяжарваюць мяне.

Сасмярдзелі і нагнаіліся раны мае праз дурноту маю.
 
Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае дзеля дурасьці маёй.

Сагнуты і прыгнечаны я надзвычайна, цэлы дзень хадзіў засмучаны.
 
Я скрывіўся, моцна схіліўся, усе дні ў смутку хаджу,

Бо крыжавіна мая напоўнілася ліхаманкай, і няма нічога здаровага ў маім целе.
 
бо сьцёгны мае напоўненыя распаленымі [ранамі], і няма цэлага месца ў целе маім.

Прыгнечаны і прыніжаны я надзвычайна, роў я ад трымцення сэрца майго.
 
Я зьнямогся і моцна скрышаны, я выю дзеля енку сэрца майго.

Госпадзе, перад Табою ўся жальба мая, і ўздыханне маё не ўтоена ад Цябе.
 
Госпадзе мой, перад Табою ўсё жаданьне маё, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.

Затрапяталася сэрца маё, пакінула мяне сіла мая; святло вачэй маіх — і таго няма са мною.
 
Сэрца маё трапечацца; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — няма яго ў мяне.

Прыяцелі мае і блізкія мае сталі наводдаль ад пакутаў маіх, а сваякі мае сталі здалёк.
 
Тыя, што любілі мяне, і бліжнія мае стаяць насупраць ранаў маіх, і сваякі мае стаяць здалёк ад мяне.

І расставілі пасткі тыя, што шукалі душу маю, а тыя, што вельмі жадалі мне ліха, прамаўлялі падступнае і цэлы дзень планавалі хітрасці.
 
Тыя, што шукаюць душу маю, ставяць сіло [на мяне]; а тыя, што жадаюць ліхога для мяне, гавораць пра згубу маю і ўвесь дзень задумваюць падступнасьць.

А я, быццам глухі, не чую і, як нямы, не адкрываю вуснаў сваіх.
 
А я, быццам глухі, ня чую, і быццам нямы, які не расчыняе вуснаў сваіх.

І зрабіўся я, быццам чалавек, які не чуе і не мае ў вуснах сваіх апраўданняў.
 
І стаўся я, быццам чалавек, які ня чуе, і няма дакараньня ў вуснах ягоных.

У Табе бо, Госпадзе, надзею маю, Ты выслухаеш, Госпадзе, Божа мой.
 
Бо на Цябе, ГОСПАДЗЕ, я спадзяюся; Ты адкажаш, Госпадзе, Божа мой!

Дык вось я кажу: «Хай не пацяшаюцца з мяне, калі хістаюцца ногі мае, хай не ўзвышаюць сябе перада мной».
 
Бо я сказаў: «Няхай яны ня радуюцца з мяне! Калі пахіснулася нага мая, няхай яны не вывышаюцца нада мною».

Я ўжо магу хутка зваліцца, і боль мой заўжды перада мной.
 
Бо я блізкі да падзеньня, і боль мой заўсёды перада мною.

Дык і прызнаюся ў сваёй правіннасці і з прычыны граху майго я ўстрывожыўся.
 
Бо беззаконьне маё я апавядаю, сумую дзеля грэху майго.

Але непрыяцелі мае жывуць, і яны сталі дужэйшымі, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва.
 
А ворагі мае жывыя і ўзмацняюцца, і шматлікімі сталі тыя, якія няслушна мяне ненавідзяць.

І тыя, што ліхам адплачваюць за дабро, нападаюць на мяне, бо іду я следам за дабром.
 
Яны плацяць мне злом за дабро; яны супрацьстаяць мне, бо я за добрым ганюся.

Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не адступайся ад мяне,
 
Не пакінь мяне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, не аддаляйся ад мяне!

спяшайся мне на дапамогу, Госпадзе, Збаўца мой.
 
Пасьпяшайся на ўспамогу мне, Госпадзе мой, выратаваньне маё!