Псалтыр 55 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. На струнах. Маскіль. Давідаў.
 
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда.

Успрымі вушамі, Божа, малітву маю і не ўхіляйся ад малення майго.
 
Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго!

Звярні ўвагу на мяне і выслухай мяне! Я стрывожаны ў розуме маім і стурбаваны
 
Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу

ад голасу непрыяцеля і ад уціску грэшніка. Бо яны ўзвальваюць на мяне несправядлівасць і ў гневе назалялі мне.
 
ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною.

Пакутуе ўва мне маё сэрца, і смяротны жах напаў на мяне.
 
Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне;

Страх і трымценне апанавалі мяне, і ахапіў мяне сполах.
 
страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне.

І кажу: «О, каб меў я крылы, як галубка, — і паляцеў бы і спачыў бы?
 
І я сказаў: «Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў!

Вось, кінуся я наўцёкі і застануся ў пустыні.
 
Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні». (Сэлях)

Буду шукаць я Таго, Хто збавіць мяне ад подыху буры і навальніцы».
 
Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай!

Расцерушы, Госпадзе, раздзялі мовы іх, бо ўбачыў я раз’ятранасць і гвалт у горадзе.
 
Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе.

Днём і ноччу ходзяць яны наўкол па мурах яго, несправядлівасць, прыгнёт і злачынства пасярод яго;
 
Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго.

і не сыходзяць з плошчаў яго круцельства і ашуканства.
 
Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада.

Бо калі б вораг зневажаў мяне, то, як бы ні было, я вытрываў бы; ці калі б той, што ненавідзіць мяне, паўстаў супраць мяне, я, магчыма, схаваўся б ад яго.
 
Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы [гэта], ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічваецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся,

Але ты, чалавеча, аднагодак мой, сваяк і прыяцель мой,
 
але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой,

з якім мелі мы калісьці мілыя зносіны: у доме Божым хадзілі мы ва ўрачыстай працэсіі.
 
з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у Дом Божы хадзілі ў грамадзе.

Хай сыдзе на іх смерць, хай жывымі сыдуць яны ў пекла, бо злачынства [пануе] у дамах іх, паміж імі.
 
Няхай, зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота [жыве] ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім.

А я паклічу Бога, і Бог збавіць мяне.
 
А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне.

Вечарам, раніцай і апоўдзень буду я разважаць і ўздыхаць, і Ён пачуе голас мой.
 
Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой.

Адкупіць Ён у супакоі душу маю ў тых, якія нападаюць на мяне, бо яны сярод многіх — супраць мяне.
 
Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад [тых, што] варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне.

Пачуе Бог і ўпакорыць іх, бо Ён — спакон вякоў. А яны не мяняюцца і не баяцца Бога.
 
Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога,

Уздымае ён руку сваю на блізкіх; парушылі яны дамоўленасць сваю.
 
руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой;

Вусны яго лягчэйшыя за масла, а ў сэрцы іх — вайна, прамовы яго пяшчотнейшыя за алей, але яны — голыя мячы.
 
гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя.

Ускінь на Госпада клопаты твае, і Ён цябе падтрымае, не дасць Ён ніколі пахіснуцца справядліваму.
 
Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік.

А Ты, Божа, укінеш іх у студню згубы; людзі крыважэрныя і падступныя не дажывуць да палавіны дзён сваіх, а я вось спадзяюся на Цябе, Госпадзе.
 
І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не [дажывуць] паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся!