Псалтыр 104 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Дабраславі, душа мая, Госпада. Госпадзе Божа мой, Ты ўзвялічыўся надзвычайна! Апрануўся Ты ў велічнасць і аздобу,
Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты вельмі вялікі! У годнасьць і велічнасьць Ты апрануўся!
Адзеты ў святло, быццам у шаты, расцягваючы неба, як ветразі,
Ты ахінуўся ў сьвятло, быццам у шату, Ты раскінуў нябёсы, як намёт.
Ты будуеш на водах святліцы Твае. Ты ўчыняеш воблака возам Сабе, Ты носішся на крылах ветру.
Ты паставіў над водамі хорамы Твае, Ты паставіў хмары як калясьніцу Тваю, Ты ходзіш на крылах ветру.
Ты творыш анёламі Тваімі духаў, і слугамі Тваімі — полымя агню.
Ты робіш вятры анёламі Тваімі, служыцелямі Тваімі — агонь, што палае.
Ты заснаваў зямлю на трывалую апору Сваю, не пахіліцца яна на векі вечныя.
Ты паставіў зямлю на месцы яе, ня можа яна пахіснуцца на вякі вечныя.
Безданню, як шатамі, прыкрыў Ён яе, над гарамі стаялі воды.
Бяздоньнямі, як вопраткай, закрыў Ты яе; па-над горамі воды стаялі.
Ад наракання Твайго ўцяклі яны, гучання грымотаў Тваіх палохаліся.
Перад пагрозай Тваёй яны ўцякалі, перад голасам грымотаў Тваіх адступаліся.
Падняліся яны на горы, і апалі ў лагчыны, на месца, якое Ты ім прызначыў.
Узьнімаліся горы, зыходзілі раўніны на месцы, якія Ты заснаваў для іх.
Паклаў Ты ім канец, якога не пяройдуць і не вернуцца пакрыць зямлю.
Ты паклаў [водам] мяжу, якую не пяройдуць; ня вернуцца, каб закрыць зямлю.
Ты загадваеш крыніцам сплываць у ручаіны; пасярод гор праходзяць яны,
Ты пасылаеш крыніцы для ручаёў, яны цякуць паміж гораў,
становяцца вадапоем усіх звяроў на полі, спатоляць аслы смагу сваю.
пояць усіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы смагу сваю.
Каля іх пасяляюцца паднебныя птушкі, пасярод галін падаюць галасы свае.
Над імі жывуць птушкі нябесныя, праз вецьце голас падаюць.
Ты абвадняеш горы са святліц Тваіх, з плёну спраў Тваіх насычаеш зямлю.
Ты поіш горы з хорамаў Тваіх; пладамі дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
Ты гадуеш траву для жывёлы і зеляніну на пажытак людзей, выводзячы хлеб з зямлі
Ты ўзрошчваеш траву для скаціны і расьліны для працы чалавеку, каб вырастаў хлеб з зямлі
і віно, якое развесяляе сэрца чалавека; Ты ажыўляеш аблічча алеем, а хлеб умацоўвае чалавечае сэрца.
і віно, якое сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, які сэрца людзей умацоўвае.
Насыцяцца дрэвы Госпада і кедры лібанскія, якія Ён пасадзіў.
Насычаюцца дрэвы ГОСПАДА, кедры Лібанскія, якія Ён пасадзіў.
Там будуць гнездавацца вераб’і, хата бусла — на верхавіне іх.
Там птушкі робяць гнёзды, бусел на кіпарысе [мае] дом свой.
Высокія горы для аленяў, скалы — прыбежышча для барсукоў.
Высокія горы — для сарнаў, скалы — прыстанішча для даманаў.
Учыніў Ён месяц для вызначэння часу, сонца спазнала захад свой.
Ён месяц зрабіў, [каб вызначаць] пару; сонца ведае захад свой.
Ты рассцяліў цемру, і сталася ноч, у ёй будуць рухацца звяры лясныя:
Ты цемру кладзеш, і стаецца ноч, у ёй рухаюцца ўсе зьвяры лясныя.
ільвяняты, што рыкаюць, каб схапіць [здабычу] і просяць у Бога ежы сабе.
Львяняты рыкаюць пра здабычу, шукаючы ў Бога пажывы.
Уздымаецца сонца, і хаваюцца і залягаюць яны ў сваіх логавах.
Як узыйдзе сонца, яны зьбіраюцца разам і ў логвах залягаюць.
Чалавек выходзіць да працы сваёй, і пры справе сваёй ён да самага вечара.
Выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю аж да вечара.
Як шмат створана Табой, Госпадзе! Усё з мудрасцю ўтварыў Ты, поўная зямля створанага Табой.
Якія шматлікія, ГОСПАДЗЕ, дзеі Твае! Усё Ты ў мудрасьці ўчыніў, зямля поўная даброцьцяў Тваіх.
Вось мора вялікае, і прасторнае, і шырокае: там — гады, якім няма падліку, жывёлы маленькія побач з вялікімі;
Вось мора, вялікае і шырокае на абодва бакі. Там рухаецца безьліч жывёлаў малых і вялікіх.
там будуць плаваць караблі, Левіятан, якога Ты стварыў, каб гуляць з ім.
Там караблі ходзяць. Левіятан, якога Ты ўфармаваў, гуляе ў ім.
Усё гэта чакае Цябе, каб у свой час даў Ты ім ежу.
Усе яны ўзіраюцца на Цябе, каб Ты даў ім пажыву ў свой час.
Калі Ты дасі ім, яны збяруць, калі раскрыеш Ты руку Тваю — яны напоўняцца дабротамі.
Ты даеш ім, яны зьбіраюць; Ты адкрываеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца.
Калі ж Ты адвернеш аблічча Тваё, яны ўстрывожацца; адымеш дыханне ў іх, і яны загінуць, і абернуцца ў парахно сваё.
Ты хаваеш аблічча Тваё, і яны палохаюцца; забіраеш дух іхні, і яны паміраюць, і ў пыл назад вяртаюцца.
Калі пашлеш Духа Твайго — творацца, і аднаўляеш Ты выгляд зямлі.
Ты пашлеш Дух Твой, і яны створаныя, і Ты аднаўляеш аблічча зямлі.
Будзь хвала Госпаду на век, хай узвесяліцца Госпад з тварэнняў Сваіх.
Няхай будзе слава ГОСПАДА на вякі, няхай радуецца ГОСПАД з дзеяў Сваіх.
Ён зірне на зямлю і яна дрыжыць, Ён дакранецца да гор — і яны дымяць.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць; дакранецца да гор, і яны палаюць.
Буду спяваць Госпаду пры жыцці маім, буду граць псальмы Богу майму, дакуль я ёсць.
Буду сьпяваць ГОСПАДУ жыцьцём маім; буду выслаўляць Бога майго яшчэ больш.
Мілай хай будзе Яму прамова мая; сапраўды адчую асалоду ў Госпадзе.
Няхай будзе салодкім Яму разважаньне маё, а я буду весяліцца ў ГОСПАДЗЕ.
Хай згінуць грэшнікі з зямлі, і несправядлівыя так, каб іх не было. Дабраславі, душа мая, Госпада.
Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! Альлелюя!