Псалтыр 104 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Дабраслаў, душа мая, СПАДАРА! СПАДАРУ, Божа мой! Ты вельма ўзьвялічыўся, сьцёй а вяліччам Ты апрануўся;
Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты вельмі вялікі! У годнасьць і велічнасьць Ты апрануўся!
Каторы акрываешся сьвятлінёю, як адзецьцям; расьцягаеш нябёсы, як заслону;
Ты ахінуўся ў сьвятло, быццам у шату, Ты раскінуў нябёсы, як намёт.
Каторы кладзеш у воды бёрны пакою Свайго; Каторы робіш булакі цялежкамі Сваімі; Каторы ходзіш на крылах ветру;
Ты паставіў над водамі хорамы Твае, Ты паставіў хмары як калясьніцу Тваю, Ты ходзіш на крылах ветру.
Каторы робіш духі ангіламі Сваімі, палаючае цяпло — службітамі Сваімі.
Ты робіш вятры анёламі Тваімі, служыцелямі Тваімі — агонь, што палае.
Заклаў зямлю на подах яе, каб не пахіснулася на векі;
Ты паставіў зямлю на месцы яе, ня можа яна пахіснуцца на вякі вечныя.
Як адзецьцям, глыбінёю Ты накрыў яе; воды стаялі на горах;
Бяздоньнямі, як вопраткай, закрыў Ты яе; па-над горамі воды стаялі.
Ад ганеньня Твайго яны ўцяклі, ад гуку грому Твайго яны пабарзьдзілі.
Перад пагрозай Тваёй яны ўцякалі, перад голасам грымотаў Тваіх адступаліся.
Падняліся горы, апалі даліны на месца, што Ты заклаў ім.
Узьнімаліся горы, зыходзілі раўніны на месцы, якія Ты заснаваў для іх.
Граніцу правёў, каб не пераступілі яны, каб не зьвярнуліся яны пакрыць зямлю.
Ты паклаў [водам] мяжу, якую не пяройдуць; ня вернуцца, каб закрыць зямлю.
Ты крыніцы абарачаеш у цур’і, меж гор яны цякуць;
Ты пасылаеш крыніцы для ручаёў, яны цякуць паміж гораў,
Пояць усі палявыя зьвяры; дзікія аслы праганяюць смагу сваю.
пояць усіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы смагу сваю.
Ля іх маюць свае сялібы птушкі нябёсныя, памеж гольля, пушчаюць голас.
Над імі жывуць птушкі нябесныя, праз вецьце голас падаюць.
Ён пое горы з пакояў Сваіх; з пладоў справаў Тваіх зямля сыціцца.
Ты поіш горы з хорамаў Тваіх; пладамі дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
Ён расьціць траву статку і зяленіва на службу чалавеку, каб дастаць емя зь зямлі.
Ты ўзрошчваеш траву для скаціны і расьліны для працы чалавеку, каб вырастаў хлеб з зямлі
І віно вяселе сэрца людзіне, алей робе від бліскучым, і хлеб моцне сэрца людзіны.
і віно, якое сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, які сэрца людзей умацоўвае.
Сыцяцца дзервы СПАДАРОВЫ, кедры лібанскія, што Ён пасадзіў,
Насычаюцца дрэвы ГОСПАДА, кедры Лібанскія, якія Ён пасадзіў.
Ідзе птушкі гнезьдзяцца, бусел, кіпрысы дом яго,
Там птушкі робяць гнёзды, бусел на кіпарысе [мае] дом свой.
Высокія горы дзікім козам, скалы — схоў трусом.
Высокія горы — для сарнаў, скалы — прыстанішча для даманаў.
Ён прызначыў месяц на поры, сонца знае заход свой.
Ён месяц зрабіў, [каб вызначаць] пару; сонца ведае захад свой.
Ты робіш цямноту, і ноч настаець, у ёй усі зьвяры лесавыя кратаюцца,
Ты цемру кладзеш, і стаецца ноч, у ёй рухаюцца ўсе зьвяры лясныя.
Левяняты равуць здабытку й шукаюць у Бога жыру свайго.
Львяняты рыкаюць пра здабычу, шукаючы ў Бога пажывы.
Сонца ўзыходзе, яны зьбіраюцца й кладуцца ў норы свае.
Як узыйдзе сонца, яны зьбіраюцца разам і ў логвах залягаюць.
Чалавек выходзе на работу сваю й да працы свае аж да вечара.
Выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю аж да вечара.
Якія вялікія справы Твае, СПАДАРУ! Усі Ты ўчыніў мудрасьцяй; зямля поўная меньня Твайго.
Якія шматлікія, ГОСПАДЗЕ, дзеі Твае! Усё Ты ў мудрасьці ўчыніў, зямля поўная даброцьцяў Тваіх.
Вось, мора вялікае а шырокае, а ў ім няшчысьлёныя паўзуны, жывёла вялікая й малая;
Вось мора, вялікае і шырокае на абодва бакі. Там рухаецца безьліч жывёлаў малых і вялікіх.
Там плаваюць караблі; Левяфана гэнага ўхармаваў, гуляць у ім.
Там караблі ходзяць. Левіятан, якога Ты ўфармаваў, гуляе ў ім.
Гэтыя ўсі чакаюць Цябе, каб Ты даў ім жыр упару.
Усе яны ўзіраюцца на Цябе, каб Ты даў ім пажыву ў свой час.
Даеш ім, яны зьбіраюць; адчыняеш руку Сваю, яны сыцяцца дабром.
Ты даеш ім, яны зьбіраюць; Ты адкрываеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца.
Ты хаваеш від Свой, яны пужаюцца; Ты адбіраеш дых іхны, здыхаюць і ў пыл свой зварачаюцца;
Ты хаваеш аблічча Тваё, і яны палохаюцца; забіраеш дух іхні, і яны паміраюць, і ў пыл назад вяртаюцца.
Пасылаеш Дух Свой, яны ствараюцца, і Ты аднаўляеш від зямлі,
Ты пашлеш Дух Твой, і яны створаныя, і Ты аднаўляеш аблічча зямлі.
Хай будзе слава СПАДАРОВА на векі; хай цешыцца СПАДАР з учынкаў Сваіх.
Няхай будзе слава ГОСПАДА на вякі, няхай радуецца ГОСПАД з дзеяў Сваіх.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць; даткнецца гор, і кураць.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць; дакранецца да гор, і яны палаюць.
Буду пяяць СПАДАРУ, пакуль жыву; буду пяяць Богу свайму, пакуль быцьцё мае.
Буду сьпяваць ГОСПАДУ жыцьцём маім; буду выслаўляць Бога майго яшчэ больш.
Няхай думка мая будзе прыемная Яму; я буду весяліцца ў СПАДАРУ.
Няхай будзе салодкім Яму разважаньне маё, а я буду весяліцца ў ГОСПАДЗЕ.
Няхай зьгінуць грэшнікі ізь зямлі, і няхай нягодных ня будзе болей. Дабраслаў, душа мая. СПАДАРА! Галілуя!
Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! Альлелюя!