Псалтыр 139 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Псальма Давідава. Ты скумаў мяне, СПАДАРУ, і пазнаў.
Кіраўніку хору. Давіда. Псальм. ГОСПАДЗЕ, Ты дасьледаваў мяне і ведаеш [мяне].
Ты ведаеш, калі я сяду і калі ўстану; разумееш думкі мае здалеку;
Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю; разумееш думку маю здалёк.
Хадню маю й супачынак мой Ты акружаеш; усі дарогі мае Ты ведаеш;
Сьцежку маю і ляжаньне маё Ты спазнаў, і ўсе шляхі мае Табе вядомыя.
Бо нямаш слова на языццэ маім, але Ты, СПАДАРУ, ведаеш яго ўсе.
Бо няма яшчэ словаў на языку маім, а Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усё.
Адзаду й сьпераду Ты аблёг мяне і палажыў на мяне даланю Сваю.
Ззаду і сьпераду Ты абняў мяне і паклаў на мяне руку Тваю.
Веданьне лішне чудоўнае імне, высокае, не магу асягчы яго.
Надзвычай дзівоснае веданьне, перавышае мяне, не магу яго сьцяміць!
Куды пайду я ад Духа Твайго і куды ад відзеньня Твайго ўцяку?
Куды мне ісьці ад Духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцячы?
Ці ўзьнімуся на неба, Ты там; ці зраблю ложак свой у шэолю, во Ты.
Калі б я ўзыйшоў на неба, Ты там; калі б паслаў сабе [ложак] у пекле, — вось, [і там] Ты!
Панясуся на крылах золку і суймуся на найдальшай часьці мора;
Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня, калі б пасяліўся на канцы мора,
І там рука Твая павяла б мяне, і ўдзяржала б мяне правіца Твая.
там таксама рука Твая вадзіла б мяне, і трымала б мяне правіца Твая.
І калі б сказаў я: «Пэўне цемнь пакрые мяне», нават ноч стане сьвятлінёю навокал мяне;
Калі б я сказаў: «Няхай цемра пакрые мяне, і ноччу няхай станецца сьвятло вакол мяне»,
Але, цемнь не зацемне ад Цябе, і ноч зазьзяе, як дзень; цемнь таксама, як сьвятліня;
дык і цемра ня будзе цёмнай для Цябе, і ноч заясьнее, як дзень; цемра, як сьвятло.
Бо Ты дзяржыш ныркі мае, Ты выткаў мяне ў жываце маці мае.
Бо Ты стварыў ныркі мае, выткаў мяне ва ўлоньні маці маёй.
Буду хваліці Цябе, бо страшна а чудоўна ўчынены я. Чудоўныя ўчынкі Твае, і душа мая ведае добра.
Слаўлю Цябе, бо я захапляльна і дзівосна збудаваны; цудоўныя справы Твае, і душа мая ведае [гэта] добра.
Не схаваны быў ад Цябе шкілет мой, як я быў учынены ў таямніцы, памайстроўску ўтвораны ў найніжшай часьці зямлі.
Не былі схаваныя косткі мае перад Табою, калі я кшталтаваўся пад заслонай, быў вытканы ў глыбінях зямлі.
Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсі часткі яго; як яны былі хармаваны, ні воднага ня было зь іх.
Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе дні, што былі вызначаны, калі яшчэ ніводнага з іх не было.
А імне — якія дарагія думкі Твае, Божа; як павялічыўся лік іх!
Якія каштоўныя для мяне думкі Твае, Божа, якая вялікая безьліч іх!
Калі б палічыць іх, іх было б болей лікам, чымся пяску. Як прачыхаюся, я яшчэ з Табою.
Лічу іх, але іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я ўсьцяж з Табою.
Калі б Ты, Божа, забіў нягоднага, тады крывапіўцы адступілі б ад мяне;
Калі б Ты, Божа, забіў бязбожніка, тады людзі крывавыя адыйдуць ад мяне.
Бо яны ізрадліва гукаюць на Цябе, падыймаюцца дарма, як непрыяцелі Твае.
Яны гавораць супраць Цябе зламыснае; дарэмна робяць сябе ворагамі Тваімі.
Ці ня маю я ненавідзіць тых, СПАДАРУ, што ненавідзяць Цябе, і паўстаючымі на Цябе ня маю брыдзіцца?
Ці ж ня мушу я ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, і брыдзіцца тымі, што супраць Цябе паўстаюць?
Супоўнаю ненавіднасьцю ненавіджу іх; непрыяцелі яны сталі імне.
Нянавісьцю поўнай я іх ненавіджу, яны сталіся ворагамі для мяне.
Скумай мяне, Божа, і пазнай сэрца мае; прабуй мяне і пазнай думкі мае;
Дасьледуй мяне, Божа, і спазнай сэрца маё, выспрабуй мяне і спазнай думкі мае!
І абач, ці не нягодная дарога ў мяне, і вядзі мяне на дарогу вернасьці.
І паглядзі, ці не на гаротным я шляху, і шляхам вечнасьці вядзі мяне.