Псалтыр 88 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Песьня. Псальма сыноў Корыных. Кіраўніку хору. На Махалаф леанот. Навука Гэмана Езрагіта.
Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гэмана Эзрахі.
СПАДАРУ, Божа спасеньня майго! удзень я галашу, ночы я перад Табою.
ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою!
Няхай прыйдзе да Цябе малітва мая, нахіні вуха Свае да галашэньня майго;
Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго.
Бо насыцілася немарасьцьмі душа мая, і жыцьцё мае бліжыцца да шэолю.
Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла.
Мяне мелі за аднаго із зыходзячых да долу; я стаўся, як людзіна бязь сілы.
Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае.
Памеж мертвых я апрычаны, як забітыя, лежачыя ў гробе, праз каторых Ты ўжо не ўспамінаеш, і каторыя ад рукі Твае адцятыя.
Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо ня ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй.
Ты палажыў мяне да найніжшага долу, у цемнь, у глыбіню.
Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню.
На мяне ўзложаны гнеў Твой, і ўсімі запынамі Сваімі Ты паменшыў мяне. Сэля.
Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях)
Ты здаліў знаёмых маіх ад мяне, зрабіў мяне агідным ім, замкнёным, і я не магу выйсьці.
Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу.
Вока мае высілілася зь немарасьці; гукаю да Цябе, СПАДАРУ, увесь дзень, выцягаю да Цябе далоні свае.
Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае.
Ціж над мертвымі Ты ўчыніш чуда? Ціж сьцені ўстануць славіць Цябе?
Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях)
Ціж будзе азнаймлена ў гробе ласка Твая і вернасьць Твая ў месцу зьнішчэньня?
Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у [месцы] загубы?
Ціж пазнаюць чуда Твае ў цямноце і справядлівасьць Тваю ў зямлі забыцьця?
Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра праведнасьць Тваю — у зямлі забыцьця?
Але я да Цябе, СПАДАРУ, гукаю, і нараніцы пярэйме Цябе малітва мая.
Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе.
Нашто, СПАДАРУ, адкідаеш душу маю і хаваеш від Свой ад мяне?
Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
Убогі я й таю з маладосьці; нясу жахі Твае, сумляюся.
З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся.
Перазь мяне прайшлі гневы твае; жахі Твае нішчаць мяне;
Нада мною прайшоў жар [гневу] Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне,
Абступаюць мяне, як вада, увесь дзень, разам яны акружаюць мяне.
атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам.
Ты аддаліў ад мяне любячага а прыяцеля; знаёмыя мае — цямнота.
Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць [мяне], і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры.