Псалтыр 144 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давідава. Дабраславёны СПАДАР, скала мая, Каторы вуча рукі мае бітвы, палцы мае вайны,
 
Давіда. Дабраслаўлёны ГОСПАД, скала мая, Які навучае рукі мае барацьбе, і пальцы мае — змаганьню.

Міласэрдзе мае а горад мой, высокая вежа мая а вывальнік мой, шчыт мой, на Каторага спадзяюся, Каторы паддаець люд мой імне.
 
Міласэрнасьць для мяне і замчышча маё, умацаваны замак мой і Збаўца для мяне, шчыт мой, Той, у Якім маю надзею, Ён народ мой падпарадкоўвае мне!

СПАДАРУ! што ё чалавек, што Ты знаеш яго, сын людзкі, што Ты разважаеш празь яго?
 
ГОСПАДЗЕ, што ёсьць чалавек, што Ты ведаеш яго, і сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?

Чалавек падобны да дзьмухненьня; дні ягоныя як сьцень мінаючы.
 
Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя — быццам цень, што мінае.

СПАДАРУ! нахіні нябёсы Свае й зыйдзі; даткніся да гор, і яны будуць курэць.
 
ГОСПАДЗЕ, нахілі неба Тваё і зыйдзі, дакраніся да гор, і яны запалаюць!

Блісьні маланьняю й расьцярушыш іх; выстралі стрэлы Свае і зьнішч іх.
 
Блісьні маланкай і расьцяруш іх, пусьці стрэлы Твае і прагані іх!

Выцягні руку Сваю з вышыні, вывальні мяне і ратуй мяне зь вялікіх водаў, ад рукі сыноў чужаземцаў,
 
Выцягні з вышыні руку Тваю, вызвалі мяне і выратуй мяне з водаў вялікіх, з рукі сыноў чужынскіх,

Каторых рот гукае марнасьць, і правіца іхная — правіца маны.
 
вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

Божа, новую песьню буду пеці Табе, на псалтыру дзесяціструнным пеці буду хвалы Табе.
 
Божа, я новы сьпеў буду сьпяваць для Цябе, на псалтыры дзесяціструнным буду граць Табе,

Ты, што даеш спасеньне каралём, вывальняеш Давіда, слугу Свайго, ад злога мяча,
 
бо Ты даеш выратаваньне валадару, і выбаўляеш Давіда, слугу Твайго, ад мяча злыдня!

Вывальні мяне й ратуй мяне ад рукі сыноў чужаземцаў, каторых рот гукае марнасьць, і правіца іхная — правіца маны,
 
Выбаў мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

Каб сынове нашыя, як расада, расьлі ў маладосьці сваёй, каб дачкі нашыя былі, як вугольныя стаўпы, выразаныя на зразу палацову,
 
Няхай будуць сыны нашыя, быццам саджанцы, якія разрастаюцца ў маладосьці сваёй; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя, якія высечаны паводле ўзору сьвятыні.

Каб сьвірны нашы поўныя выдалі ўсялякую еміну, авечкі нашы тысячамі а дзясяткамі тысячаў на пастах нашых;
 
Сьпіжарні нашыя няхай будуць поўныя, каб задаволіць любыя патрэбы, усялякія патрэбы; няхай у тысячу разоў памножацца авечкі нашыя на вуліцах нашых.

Валы нашы накладзены; ніякага зламеньня альбо ўпадку, альбо галашэньня ня было на вуліцах нашых.
 
Валы нашыя няхай будуць тлустыя, няхай ня будзе ані вылому, ані страты, ані ляманту на плошчах нашых!

Шчасьлівы люд, катораму гэтак. Шчасьлівы люд, каторага СПАДАР — Бог ягоны!
 
Шчасьлівы той народ, у якога гэтак дзеецца! Шчасьлівы той народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог ягоны!