Псалтыр 53 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. На Магалаф. Навука Давідава.
 
Кіраўніку хору: на лад сумны. Навучаньне Давіда.

Сказаў дурны ў сэрцу сваім: «Няма Бога». Яны папсаваліся, робячы агіднае бяспраўе; няма нікога, што рабіў бы дабро.
 
Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: «Няма Бога!» Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.

Бог глядзіць далоў зь нябёс на сыноў людзкіх, каб бачыць, ці ё цямячы, што шукае Бога.
 
Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.

Яны ўсі адступілі разам, сталі нячыстыя; няма нікога, што рабіў бы дабро, нікагусенькі.
 
Усе адступіліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!

Нягож ня ведаюць ліхадзеі, каторыя ядуць люд мой, бы хлеб, Бога ня гукаюць?
 
Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і Бога ня клічуць?

Там яны напалохаліся, а спалоху ня было; бо Бог рассыпаў косьці аблягаючага. Ты іх засароміў, бо Бог пагрэбаваў імі.
 
Там яны будуць у страху вялікім, дзе няма страху, бо Бог раскідае косткі тых, якія паставілі табар [супраць] цябе, і ты асароміш іх, бо Бог іх адкінуў.

Хто даў бы із Сыёну спасеньне Ізраелю! Як зьверне Бог палон люду Свайго, узрадуецца Якаў, узьвяселіцца Ізраэль.
 
Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі Бог верне палонных народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!