Псалтыр 91 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Жывучы ў патайным схове Навышняга ў сьценю Ўсемагучага супачывае.
 
Той, які жыве пад заслонай Найвышэйшага і пад ценем Усемагутнага,

Скажу СПАДАРУ: «Прытулішча а горад мой, Бог мой, — спадзяюся на Яго!»
 
кажа да ГОСПАДА: «Ты — прыстанішча маё і цьвярдыня мая, Бог мой, на Якога я спадзяюся».

Бо Ён вывальне цябе ад сеці паляўнічага, ад няшчаснага мору;
 
Бо Ён выратуе цябе ад пасткі птушкалова, ад пошасьці сьмяротнай.

Пер’ям Сваім ахінець цябе, і пад крыламі Ягонымі схаваешся, шчыт а панцыр вернасьць Ягоная.
 
Пер’ем Сваім закрые цябе, і пад крыламі Ягонымі будзеш мець надзею; праўда Ягоная — шчыт і заслона.

Не зьлякаешся жахаў ночы, стралы, што ляціць удзень,
 
Не спалохаешся страху ўначы, ані стралы, якая ўдзень ляціць,

Мору, што ў цемні ходзе, зьнішчэньня, што пустоша паўднём.
 
ані пошасьці, якая ў цемры прыходзіць, ані заразы, якая сярод белага дня пустошыць.

Паваліцца ля боку твайго тысяча і дзесяць тысячаў па правай руццэ тваёй; але да цябе не дабліжыцца.
 
Тысяча побач з табой упадзе і дзесяць тысячаў праваруч ад цябе, а да цябе яна не падыйдзе.

Ты адно ачыма сваімі паглядзіш і заплату нягоднікаў пабачыш;
 
Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш з бязбожнымі расплату.

Бо Ты, СПАДАРУ, прытулішча мае, — бо Навышняга ты ўстанавіў за схоў свой.
 
За тое, што ты ГОСПАДА, прыбежышча сваё, і Найвышэйшага выбраў за сялібу сабе,

Ня прыгодзіцца табе ліха, і ніякі выцень не дабліжыцца да будану твайго;
 
не спаткае цябе злое, і пакараньне не наблізіцца да намёту твайго.

Бо Ён ангілам сваім раскажа празь цябе сьцерагчы цябе на ўсіх дарогах тваіх.
 
Бо Ён анёлам Сваім загадае пра цябе, каб захоўвалі цябе на ўсіх шляхах тваіх.

На далонях панясуць цябе, каб ты ня выцяўся аб камень нагою сваёю.
 
На руках панясуць цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою тваёю.

На лява а гада наступіш; патопчаш левянё а смока.
 
Па ільвах і гадзюках хадзіць будзеш, львянятаў і цмокаў патопчаш.

«За тое, што ён жадаў Мяне, выбаўлю яго; памяшчу яго на вышыні, бо ён пазнаў імя Мае.
 
«За тое, што ён Мяне ўзьлюбіў, збаўлю яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае.

Як загукае да Мяне, Я адкажу яму; Я буду зь ім у ватузе; выратую яго і ўшчу яго;
 
Будзе клікаць Мяне, і Я адкажу яму; у бядзе Я буду з ім, выратую яго і ўшаную яго.

Даўгімі днямі насычу яго, і пакажу яму спасеньне Свае».
 
Доўгімі днямі насычу яго і дам убачыць збаўленьне Маё».