Псалтыр 12 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. На асьміструнным. Псальма Давідава.
Кіраўніку хору: на актаву. Псальм Давіда.
Памажы, СПАДАРУ, бо ня стала набожнага, бо шчэзьлі верныя з памеж сыноў людзкіх.
Збаў, ГОСПАДЗЕ, бо ня стала багабойных, бо верныя зьніклі сярод сыноў чалавечых.
Пустое гукае адзін аднаму, лісьлівымі вуснамі й двудушным сэрцам яны гукаюць.
Марнасьць прамаўляе кожны да бліжняга, вуснамі лісьлівымі і сэрцам дваістым гавораць.
Адатнець СПАДАР усі вусны лісьлівыя, язык, што вяльмуецца,
Няхай адсячэ ГОСПАД усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе,
Тых, каторыя кажуць: «Языком нашым пераможам, вусны нашыя з намі, хто нам гаспадар?»
тых, якія кажуць: «Языком нашым пераможам, вусны нашыя з намі! Хто гаспадар для нас?»
«З прычыны галеньня бедных, з прычыны ўздыханьня ўбогіх цяпер Я паўстану, — кажа СПАДАР, — пастанаўлю ў бясьпечнасьці, на каторага дзьмуць».
«За злачынствы супраць прыгнечаных, за стогны ўцісканых паўстану цяпер, — кажа ГОСПАД, — пастаўлю ў бясьпецы таго, на якога дыхаюць [пагрозай]».
Гаворы СПАДАРОВЫ — гаворы чыстыя, срэбра, ачышчанае ў горне ад зямлі, пералітаванае сем разоў.
Словы ГОСПАДА — чыстыя словы, срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, сямікроць ператопленае.
Ты, СПАДАРУ, крый іх, усьцеражы нас ад гэтага пакаленьня на векі.
Ты, ГОСПАДЗЕ, абарані іх, захавай іх ад пакаленьня гэтага на вякі.
Навокал нягодныя круцяцца, як узвышаецца благоцьце сярод сыноў людзкіх.
Навокал ходзяць бязбожнікі, бо сярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя.