Псалтыр 138 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давідава. Хвалю цябе ўсім сэрцам сваім, перад магутнымі буду пяяць Табе;
 
Давіда. Я буду славіць Цябе ўсім сэрцам; перад абліччам багоў буду выслаўляць Цябе.

Буду кланяціся да сьвятога палацу Твайго і хваліці імя Твае за міласэрдзе Твае й за праўду Тваю; бо Ты ўзьвялічыў слова Свае над кажнае імя Свае.
 
Пакланюся ў сьвятыні сьвятасьці Тваёй і буду славіць імя Тваё за міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю, бо Ты ўзьвялічыў па-над усякае імя Тваё слова Тваё.

У дзень, калі, як я загукаў, Ты адказаў імне і падмацаваў мяне сілаю ў душы маёй.
 
У дзень, калі я клікаў, Ты адказаў мне, і ўзмоцніў сілаю душу маю.

Будуць хваліць Цябе, СПАДАРУ, усі каралёве земныя, як пачуюць словы вуснаў Тваіх,
 
Будуць славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе валадары зямлі, бо пачуюць словы вуснаў Тваіх.

Будуць апяваць дарогі СПАДАРОВЫ, бо вялікая чэсьць СПАДАРОВА.
 
І будуць сьпяваць пра шляхі ГОСПАДА, бо вялікая слава ГОСПАДА.

Дарма што высокі СПАДАР, а нізкога бача, але пыхатага пазнаець здалеку.
 
Бо ўзвышаны ГОСПАД, але бачыць пакорнага і ганарлівага пазнае здалёк.

Калі я буду хадзіць сярод атугі, Ты пажвавіш мяне, на гнеў непрыяцеляў маіх Ты выцягнеш руку Сваю, і правіца Твая вывальне мяне.
 
Калі буду хадзіць сярод турботаў, Ты ажывіш мяне, супраць гневу ворагаў маіх Ты выцягнеш руку Тваю, і мяне вызваліць правіца Твая.

СПАДАР зьдзее дзеля мяне. СПАДАРУ, міласэрдзе Твае на векі; спраў рук Сваіх не пакінь.
 
ГОСПАД выканае [справу маю] для мяне. ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Твая на вякі! Не пакінь твораў рук Тваіх! Альлелюя!