Псалтыр 57 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Подле «Не загубі». Пісань Давідава, калі ён уцёк ад Саўлы ў пячору.
 
Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі ён уцякаў ад аблічча Саўла ў пячору.

Зьмілуйся над імною, Божа, зьмілуйся над імною; бо да Цябе ўцякае душа мая, пад сьцень крылаў Тваіх я ўцякаю, пакуль мінець няшчасьце.
 
Зьлітуйся нада мною, Божа, зьлітуйся нада мною! Бо ў Табе мае надзею душа мая, і ў ценю крылаў Тваіх буду хавацца, пакуль не міне загуба.

Я гукаю да Бога Навышняга, да Бога, Каторы поўне імне.
 
Буду клікаць да Бога Найвышэйшага, да Бога, Які выканае [справу маю] для мяне.

Ён пашлець ізь нябёс і выбаве мяне; паганьбе тых, што глытаюць мяне (Сэля); пашлець Бог ласку Сваю а праўду Сваю.
 
Ён спашле з неба і збавіць мяне ад зьнявагаў таго, хто хоча мяне праглынуць. (Сэлях) Спашле Бог міласэрнасьць Сваю і праўду Сваю.

Душа мая сярод лявоў, ляжу меж поламяў, меж сыноў людзкіх, каторых зубы — дзіды а стрэлы, і язык іхны — войстры меч.
 
Душа мая між ільвоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод сыноў чалавечых. Зубы іхнія — дзіды і стрэлы, языкі іхнія — мячы вострыя.

Будзь узвышаны над нябёсы, Божа! над усёю зямлёю чэсьць Твая!
 
Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая.

Яны прыгатавалі сець пад ступы мае; угнулася душа мая; выкапалі яму на мяне, але самы ўваліліся ў яе. Сэля.
 
Яны наставілі сетку дзеля стопаў маіх, прыгнялі душу маю, яны капалі яму перад абліччам маім, але [самі] ўваліліся ў яе. (Сэлях)

Прыгатавана сэрца мае, Божа, прыгатавана сэрца: я буду пяяць а граць.
 
Умацаванае сэрца маё, Божа, умацаванае сэрца маё, буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе].

Прачхніся, чэсьць мая, прачхніцеся, ліра а гарпа! Я прачхнуся на золку.
 
Збудзіся, слава мая! Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне.

Буду хваліць Цябе, Спадару, мяж людаў; буду граць Табе меж народаў;
 
Буду славіць Цябе сярод людзей, Госпадзе, буду выслаўляць Цябе сярод народаў,

Бо вялікая аж да нябёсаў ласка Твая, аж да булакоў праўда Твая.
 
бо аж да неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.

Будзь узвышаны над нябёсы, Божа! над усёю зямлёю чэсьць Твая!
 
Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!