Псалтыр 132 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Песьня на ўступцох. СПАДАРУ, успомні Давіда, усі гароты яго.
Сьпеў узыходжаньня. Узгадай, ГОСПАДЗЕ, пра Давіда і ўсе беды ягоныя,
Як ён прысягаў СПАДАРУ, рабіў абятніцу Магучаму Якава:
як ён прысягаў ГОСПАДУ, даваў абяцаньне Моцнаму Якуба:
«Напэўна ня ўвыйду ў будан дому свайго ані ўзыйду на ложак пасьцелі свае;
«Не ўвайду ў намёт дому майго, не ўзыйду на пасьцель ложка майго,
Напэўна ня дам сну ачом сваім ані векам сваім дрымоты,
ня дам вачам маім сну і павекам маім дрымоты,
Пакуль не знайду вітальняў СПАДАРУ, сялібаў Магучаму Якававаму».
пакуль не знайду месца для ГОСПАДА, сялібы для Моцнага Якуба!»
Гля, мы чулі гэта ля Еўфрату, знайшлі гэта на палёх лясістых.
Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Яару.
Узыйдзіма ў вітальні Ягоныя, пакланімася казульцы ног Ягоных.
Хадзем у сялібу Ягоную, паклонімся перад падножжам стопаў Ягоных.
Устань, СПАДАРУ, на супачынак Свой, Ты а скрыня сілы Твае.
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг моцы Тваёй!
Няхай сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і няхай дабрачэсьлівыя Твае гукаюць з радасьці.
Сьвятары Твае няхай апрануцца ў праведнасьць, і багабойныя Твае няхай радуюцца!
Дзеля слугі Свайго Давіда не адвярні віду памазанца Свайго.
Дзеля Давіда, слугі Твайго, не адварочвай аблічча ад памазанца Твайго!
Прысягаў СПАДАР Давіду ў праўдзе — Ён не адступе ад яе: «З плоду цела твайго пасаджу на пасадзе тваім.
Прысягаў ГОСПАД Давіду праўду і не адступіцца ад яе: «Таго, [хто ёсьць] плод улоньня твайго, Я пасаджу на пасадзе тваім.
Калі сынове твае будуць дзяржаці змову Маю й сьветчаньні Мае, каторых Я наўчу іх, — сынове іхныя таксама будуць сядзець назаўсёды на пасадзе тваім»;
І калі сыны твае будуць захоўваць запавет Мой і сьведчаньні Мае, якім Я буду навучаць іх, таксама сыны іхнія будуць вечна сядзець на пасадзе тваім».
Бо СПАДАР абраў Сыён, пажадаў на сялібу Сабе.
Бо ГОСПАД выбраў Сыён, пажадаў, [каб быў] сялібай для Яго, [кажучы]:
«Гэта месца супачынку Майго назаўсёды, тут Я жыць буду, бо Я пажадаў яго.
«Вось месца супачынку Майго вечна. Тут буду жыць, бо яго ўпадабаў.
Дабраслаўлю а дабраслаўлю еміну яго і ўбогіх яго насычу хлебам;
Дабраслаўляючы, дабраслаўлю здабытак ягоны, убогіх ягоных насычу хлебам.
І сьвятароў яго апрану спасеньням, і дабрачэсьлівыя ягоныя загукаюць з радасьці.
І сьвятароў ягоных апрану ў збаўленьне, і багабойныя ягоныя, радуючыся, радавацца будуць.
Там прычыню пуканьне рогу Давідаваму, прыгатую сьвечку памазанцу Свайму.
Там Я ўзрашчу рог Давіду, там пастаўлю сьветач памазанцу Майму.
Непрыяцеляў ягоных апрану ў сорам, але на ім будзе зьзяць карона ягоная».
Ворагаў ягоных апрану ў ганьбу, а над ім расквітнее дыядэма».