Псалтыр 82 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальма Асафова. Бог вартуе ў збору Божым, сярод багоў судзе:
 
Псальм Асафа. Бог стаіць на сходзе багоў, сярод багоў Ён судзіць:

«Пакуль будзеце судзіць несправядліва і шанаваць відзеньні нягодных? Сэля.
 
«Дакуль будзеце судзіць беззаконна і ўздымаць абліччы бязбожнікаў? (Сэлях)

Бараніце кволага а сірату, убогага а беднага апраўляйце;
 
Судзіце беднага і сірату; убогага і бедака апраўдайце.

Ратуйце кволага а гарапяку, з рукі нягодных ратуйце яго».
 
Ратуйце беднага і гаротнага, з рукі бязбожнікаў вызваляйце!»

Яны ня ведаюць ані сьцямяць, у цемні ходзяць; усі поды зямлі захісталіся.
 
Нічога ня ведаюць і не разумеюць, і ў цемры ходзяць; і захісталіся ўсе падваліны зямлі!

Я быў сказаўшы: «Вы — багове, і сынове Навышняга — усі вы.
 
Я сказаў: «Вы — богі, усе вы — сыны Найвышэйшага,

Але вы памрыце, як людзі, і паваліцеся, як кажны з князёў».
 
аднак, вы памрацё, як людзі, упадзеце, як адзін з князёў».

Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Табе спадуць усі народы.
 
Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты возьмеш у спадчыну ўсе народы.