Псалтыр 26 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Давідава. Судзі, СПАДАРУ, мяне, бо я хадзіў у беззаганнасьці сваёй і на СПАДАРА спадзяваўся; не пахіснуся.
 
Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся.

Выпрабуй, СПАДАРУ, мяне, спакусі мяне, пералітуй ныркі мае а сэрца мае;
 
Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё!

Бо ласка Твая перад ачыма маімі, і хаджу я ў праўдзе Тваёй.
 
Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй.

Я не сядзеў ізь сьмяротнікамі марнымі і з тымі, што прыдаюцца, не пайду.
 
Я не сяджу з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду хадзіць.

Ненавіджу грамаду ліхадзеяў і зь нягоднымі ня сяду.
 
Я ненавіджу сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам].

Абмываю ў нявіннасьці рукі свае й абходжу аброчнік Твой, СПАДАРУ,
 
Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ,

Каб агалашаць голас удзячнасьці й абяшчаць усі дзівы Твае.
 
каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць усе цуды Твае.

СПАДАРУ, люблю я сялібу дому Твайго і месца, ідзе жывець чэсьць Твая.
 
ГОСПАДЗЕ, я палюбіў сядзібу Дому Твайго і месца Сялібы славы Тваёй.

Ня лучы з грэшнікамі душы мае ані зь людзьмі крыві жыцьця майго,
 
Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі,

У чыіх руках благоцьце і чыя правіца поўная лапаноў.
 
у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі.

А я ў беззаганнасьці сваёй хаджу; выбаві мяне й зьмілуйся над імною.
 
А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Вызвалі Ты мяне і зьлітуйся нада мною!

Нага мая стаіць на роўным месцу; у зборах дабраслаўлю СПАДАРА.
 
Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА.