Псалтыр 49 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Псальма сыноў Корыных.
 
Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм.

Слухайце гэта, усі люды; нахініце вуха, усі жыхары сьвету, —
 
Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага!

Як сынове Адамовы, так і сынове мужоў, разам багатыя й бедныя!
 
Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя.

Вусны мае будуць гукаць мудрасьць, думкі сэрца майго зразуменьня.
 
Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя.

Сьхіну вуха свае да прыказі; адгадаю на гарпе загадку сваю.
 
Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры [гуках] гусьляў загадку маю.

Чаго я маю баяцца ў часе бяды, калі бяспраўе маіх перасьледаваньнікаў аступае мяне,
 
Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне тых, якія нападаюць на мяне,

Каторыя спадзяюцца на дабрабыт свой і множасьцяй багацьця свайго хваляцца?
 
якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца?

Брат ня выкупе, ня выкупе людзіны, ня дасьць Богу выкупу за яе;
 
Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу,

Бо дарагі выкуп душаў іхных, навекі немагчыма,
 
бо вельмі дарагая цана за душу ягоную, і зрачыся гэтага [мусіць] на вякі,

Каб ён застаўся жыць назаўсёды й ня бачыў долу.
 
каб ён жыў заўсёды і ня ўбачыў парахненьня.

Але, ён абача, што мудрыя паміраюць разам із дурнымі, а недасьціпны гіне й пакідае іншым багацьце свае.
 
Бо [кожны] бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё.

У нутру іхным дамы іхныя на векі, сялібы іхныя з роду да роду; мянуюць землі ймёнамі сваімі.
 
Думкі іхнія пра тое, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі [цэлыя] землі.

А чалавек у сваёй сьці ня трывае, ён падобны да жывёлы, каторая гіне.
 
Але чалавек у славе [доўга] трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, якая гіне.

Гэта дарога іхная — шал іхны, і тыя, што за імі, упадабалі вусны іхныя. Сэля.
 
Гэткі шлях іхні, тых, якія спадзяюцца на сябе, і тых, якім [словы] вуснаў іхніх даспадобы. (Сэлях)

Як авечкі, яны прызначаныя да шэолю; сьмерць будзе пасьціць іх, і нараніцы над імі запануюць справядлівыя, і абраз іхны зьвяне ў шэолю, гэта сяліба іхная.
 
Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе.

Але Бог выкупе душу маю ад сілы шэолю, бо Ён прыйме мяне. Сэля.
 
Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях)

Ня бойся, калі багацее чалавек, калі павялічаецца слава дому ягонага;
 
Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага,

Бо, паміраючы, ён ня ўсе возьме, ня зыйдзе за ім слава ягоная.
 
бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім.

Калі душы сваёй за жыцьця свайго ён дабраславе, і хваляць цябе за тое, што ты чыніш дабро сабе;
 
Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе,

Ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, каторыя на векі не пабачаць сьвятліні.
 
ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла.

Чалавек, што ў сьці, а не разумее, падобны да жывёлы, каторая гіне.
 
Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, якая гіне.