Псалтыр 49 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Кіраўніку хору. Псальма сыноў Корыных.
Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Псальм.
Слухайце гэта, усі люды; нахініце вуха, усі жыхары сьвету, —
Паслухайце пра гэта, усе народы, настаўце вушы, усе жыхары свету,
Як сынове Адамовы, так і сынове мужоў, разам багатыя й бедныя!
усе простыя людзі, як і вяльможы, разам, як адзін, — багаты і бедны.
Вусны мае будуць гукаць мудрасьць, думкі сэрца майго зразуменьня.
Мае вусны выкажуць мудрасць, а развага сэрца майго — разважнасць.
Сьхіну вуха свае да прыказі; адгадаю на гарпе загадку сваю.
Нахілю я вуха маё на прыпавесць, пры звоне псалтыры адкрыю маю загадку.
Чаго я маю баяцца ў часе бяды, калі бяспраўе маіх перасьледаваньнікаў аступае мяне,
Чаго мне баяцца ў дні ліхія, калі несправядлівасць падступных акружыць мяне?
Каторыя спадзяюцца на дабрабыт свой і множасьцяй багацьця свайго хваляцца?
Яны ўпэўнены ў сваім магуцці і мноствам багацця свайго хваляцца.
Брат ня выкупе, ня выкупе людзіны, ня дасьць Богу выкупу за яе;
Але ж сам сябе чалавек не адкупіць, не дасць ён Богу ахвяры адкуплення свайго.
Бо дарагі выкуп душаў іхных, навекі немагчыма,
Збаўленне душы яго вельмі каштоўнае, так што ніколі не хопіць,
Каб ён застаўся жыць назаўсёды й ня бачыў долу.
каб хто дажыў да самага канца і не бачыў загубы.
Але, ён абача, што мудрыя паміраюць разам із дурнымі, а недасьціпны гіне й пакідае іншым багацьце свае.
Бо ўбачыць ён, што памруць мудрыя і аднолькава гінуць неразумны і дурань, пакідаючы свае багацці чужым людзям.
У нутру іхным дамы іхныя на векі, сялібы іхныя з роду да роду; мянуюць землі ймёнамі сваімі.
Магілы іх — дамы іх навечна, калі нават назавуць яны імёнамі сваімі свае землі.
А чалавек у сваёй сьці ня трывае, ён падобны да жывёлы, каторая гіне.
І чалавек, калі ён у пашане, не век трывае ў ёй; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае; і стаўся ён падобны да іх.
Гэта дарога іхная — шал іхны, і тыя, што за імі, упадабалі вусны іхныя. Сэля.
Такая дарога тых, у якіх спадзяванне на саміх сябе, і такі канец тых, якія сваёй гаворкай захапляюцца.
Як авечкі, яны прызначаныя да шэолю; сьмерць будзе пасьціць іх, і нараніцы над імі запануюць справядлівыя, і абраз іхны зьвяне ў шэолю, гэта сяліба іхная.
Як авечкі, і яны ў пекле кладуцца, смерць пасе іх; а справядлівыя гаспадараць над імі, хутка знікне іх воблік: апраметная — іх жытло.
Але Бог выкупе душу маю ад сілы шэолю, бо Ён прыйме мяне. Сэля.
Ды ўсё ж Бог адкупіць душу маю, з рук апраметнай сапраўды прыме мяне.
Ня бойся, калі багацее чалавек, калі павялічаецца слава дому ягонага;
Не бойся, калі чалавек зробіцца багатым, калі памножана будзе заможнасць яго дома.
Бо, паміраючы, ён ня ўсе возьме, ня зыйдзе за ім слава ягоная.
Бо калі памрэ ён, то нічога з сабой не забярэ, і яго заможнасць разам з ім не пойдзе.
Калі душы сваёй за жыцьця свайго ён дабраславе, і хваляць цябе за тое, што ты чыніш дабро сабе;
Хаця супакойваў ён сам сябе пры жыцці ў душы сваёй: «Будуць хваліць цябе за тое,
Ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, каторыя на векі не пабачаць сьвятліні.
што ты добра ўчыніў сабе», аднак пойдзе ён да роду бацькоў сваіх, якія ўжо ніколі не ўбачаць святла.
Чалавек, што ў сьці, а не разумее, падобны да жывёлы, каторая гіне.
Чалавек, які жыве ў пашане і не разумее; прыпадобнены ён да быдла, якое прападае бясследна; і ёсць ён падобны да іх.